У Беларусі правоў чалавека не існуе — баскетбалістка Алена Леўчанка

Алена Леўчанка пасля 15 сутак арышту, восень 2020-га

Алена Леўчанка пасля 15 сутак арышту, восень 2020-га / t.me/radiosvaboda/

Беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка напісала ў Instagram пост пра сітуацыю ў нашай краіне і тое, як яе можна змяніць. Яна прымеркавала яго да Дня правоў чалавека.

"[У Беларусі] правоў чалавека не існуе, а такія простыя рэчы, як свабода меркаванняў і іх выказвання, цалкам разбураны і забраныя ў людзей, — піша Леўчанка. — Людзей саджаюць у турму толькі за тое, што яны выкарыстоўвалі свой голас, за тое, што прытрымліваюцца іншага меркавання, за тое, што паставілі падабайку ці зрабілі рэпост фатаграфіі ў Instagram... На сённяшні дзень "афіцыйна" (але іх колькасць значна большая) у Беларусі больш за 1500 палітвязняў. Не таму, што яны здзейснілі нейкае злачынства, таму што яны выкарыстоўвалі свой голас. Я хачу, каб вы мяне ясна пачулі. ВЫКАРЫСТОЎВАЛІ СВОЙ ГАЛОС! Адно з галоўных асноўных правоў чалавека, на якое мае права кожны чалавек у свеце! Гэтыя людзі не проста сядзяць у турме, іх увесь час падвяргаюць катаванням. Вы спытаеце мяне, адкуль я ведаю? Я сама праз гэта прайшла".

Восенню 2020-га рэжым Аляксандра Лукашэнкі адпраўляў Алену Леўчанка на 15 сутак за краты за ўдзел у мірных пратэстах і публічнае выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі.

"Дык вось, сёння давайце падумаем пра асноўныя правы, якія аб'ядноўваюць нас усіх, — працягвае Алена Леўчанка. — Працягвайце выкарыстоўваць свой голас і абараняць інтарэсы іншых, нават калі вы адчуваеце, што ваш голас не мае значэння, ці вы адчуваеце, што не можаце змяніць сітуацыю. Я тут, каб сказаць вам: ТАК, ВЫ МОЖАЦЕ! Выкарыстанне свайго голасу — гэта адна з самых магутных рэчаў, якая ёсць у кожнага з нас! Давайце адстойваць роўнасць, годнасць і справядлівасць для кожнага чалавека. А калі мы думаем, што нас гэта не датычыцца, паверце мне, гэта ўсяго толькі пытанне часу, калі гэта адбудзецца. Давайце адстойваць справядлівасць, роўнасць і годнасць для ўсіх! Разам мы можам змяніць сітуацыю. Разам мы можам пабудаваць свет, у якім кожнае права стане рэальнасцю"

Леўчанка — адна з самых вядомых беларускіх баскетбалістак, бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы 2007 года. У апошнія гады яна жыве за мяжой. Пра завяршэнне кар'еры баскетбалісткі аб'явіла ў канцы мінулага года, а сёлета паведаміла пра пачатак працы ў Nike.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі