Вы тут

У АБСЕ асудзілі ператрусы ў БАЖ і прапанавалі дапамогу

Сілавікі апячаталі дзверы ў офіс БАЖ / Еўрарадыё​​

Сітуацыя са свабодай прэсы ў Беларусі абмяркоўвалася на сустрэчы прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ Тэрэзы Рыбейра з Андрэем Дапкюнасам, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры гэтай міжнароднай арганізацыі.

Рыбейра казала пра занепакоенасць, якую выклікаюць умовы працы журналістаў у Беларусі, прыводзіла канкрэтныя прыклады запалохвання і пераследу работнікаў СМІ. Яна таксама прапанавала Беларусі дапамогу ў вырашэнне праблемных пытанняў свабоды прэсы.

У выніковай заяве АБСЕ гаворыцца, што Дапкюнас "выказаў гатоўнасць беларускіх уладаў спрыяць камунікацыі Бюро прадстаўніка па свабодзе СМІ з беларускімі візаві". Акрамя таго, беларускі прадстаўнік паабяцаў уважліва разгледзець выпадкі, пра якія казала Тэрэза Рыбейра, і таксама ўважліва вывучыць экспертныя рэкамендацыі бюро прадстаўніка.

Тэрэза Рыбейра и Андрэй Дапкюнас / osce.org

Раней у аўторак Тэрэза Рыбейра выступіла з заявай, у якой выказала занепакоенасць з нагоды ператрусаў у офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) і заклікала беларускія ўлады выконваць абавязацельствы АБСЕ ў сферы свабоднай журналістыкі.

"Сённяшнія ператрусы ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў, самай вядомай арганізацыі па абароне свабоды СМІ ў Беларусі, і ў дамах яе членаў — гэта чарговая трывожная падзея для свабоды СМІ і свабоды слова ў краіне", — адзначыла Рыбейра.

Яна таксама ўзгадала і пра суды над журналістамі, аб тым, што з жніўня 2020 года каля 400 прадстаўнікоў СМІ падвяргаліся ў Беларусі затрыманням і нападам пры выкананні іх прафесійных абавязкаў.

"Я настойліва заклікаю ўлады  прывесці палітыку ў адпаведнасць з іх абавязаннямі ў АБСЕ ў сферы свабоды СМІ і бяспекі журналістаў", — адзначыла яна.

У аўторак у Миенску і іншых рэгіёнах краіны прайшлі ператрусы ў офісах Беларускай асацыяцыі журналістаў, праваабарончай арганізацыі і ў журналістаў.

З асуджэннем такой палітыкі беларускіх уладаў  напярэдадні таксама выступілі камісар Рады Еўропы па правах чалавека Дунья Міятавіч і прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Пэтэр Стана. Апошні ў тым ліку сказаў, што з аглядкай на такія дзеянні ўладаў "любыя далейшыя санкцыі будуць прынятыя радай [Еўрасаюза] аднагалосна".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.