Тэрмін палітвязня Уладзіміра Гундара павялічылі да 20 гадоў калоніі

Уладзімір Гундар / sb.by
Уладзімір Гундар / sb.by

Палітвязня Уладзіміра Гундара асудзілі да 2,5 года зняволення па трэцяй крымінальнай справе, піша @viasna96. Яго абвінавацілі ў абразе пракуроркі Людмілы Герасіменкі, якая прадстаўляла абвінавачванне па "справе Аўтуховіча". Справу з канца студзеня разглядаў Ленінскі суд Гродна. Суддзя Алена Пятрова прызначыла такі тэрмін, які і прасіў пракурор. Вядома, што палітвязень адмовіўся даваць паказанні на новым судзе.

Шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова Гундара асудзілі да 20 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Уладзімір Гундар — грамадскі дзеяч з Баранавічаў, мае інваліднасць 2-й групы (няма адной нагі). Яго затрымалі ў канцы 2020-га па "справе Аўтуховіча". Падчас затрымання Гундар разбіў свой тэлефон. Яго дзеянні кваліфікавалі як "гвалт над службовай асобай" і ў траўні 2021-га асудзілі на тры гады калоніі. Праваабаронцы прызналі Гундара палітвязнем. У той час ён працягваў знаходзіцца пад следствам. У кастрычніку 2022-га Уладзіміра Гундара асудзілі па "справе Аўтуховіча" да 18 гадоў пазбаўлення волі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі