Сёння быў ператрус у фатографа “Нашай Нівы” Юліі Дарашкевіч

У кватэру, дзе фотакарэспандэнтка жыве разам са сваім мужам Паўлам Юхневічам, пагрукалі, а 8-й раніцы. На пытанне «Хто?», сказалі, што яны затапліваюць суседзяў знізу.

Юля і Павел зразумелі, што гэта няпраўда, але вырашылі адамкнуць, каб ім не выламалі дзверы. У кватэру зайшлі супрацоўнікі КДБ, паказалі ордэр на вобшук і заявілі, што ў Юліі Дарашкевіч могуць быць фота- і відэаматэрыялы, якія могуць быць доказамі ў справе аб масавых беспарадках 19 снежня. Таксама спецслужбы цікавіла справа зрывання дзяржаўнага сцяга з будынку КДБ.

Юля заявіла, што на Кастрычніцкай плошчы вечарам 19 снежня не была і ў шэсці па праспекце Незалежнасці не ўдзельнічала, бо ў той час знаходзілася ў офісе “Гавары праўду” на Нямізе і прыйшла толькі на Плошчу Незалежнасці. Тым не менш кватэру ператрэслі, забралі два ноутбукі і ўсе носьбіты інфармацыі, у тым ліку дыскі і флэшкі.

Быў таксама затрыманы яе муж, грамадскі актывіст Павел Юхневіч, яго адвезлі ва ўпраўленне КДБ па горадзе Мінску, зазначыўшы, што Павел будзе дапытаны ў якасці сведкі.

Таксама сёння ламіліся ў кватэру, дзе жыве відэаператар “Нашай Нівы” Тацяна Гаўрыльчык. Але яна не адамкнула. “Невядомыя” паторгалі клямку і сышлі. Пакуль каля кватэры ўсё ціха.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі