Сярод тых, хто ўцякае з Ірака ў Беларусь, — геі, якім на радзіме пагражае смерць

Быць геем у Курдыстане небяспечна / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Быць геем у Курдыстане небяспечна / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Большасць мігрантаў, якія спрабуюць трапіць праз Беларусь у Еўрасаюз, — іракскія курды. Многія едуць у пошуках лепшага жыцця і працы, часта — разам з сем'ямі. Але некаторыя літаральна ўцякаюць ад смерці.

Азверу 21 год, ён вучыцца ва ўніверсітэце і марыць калі-небудзь трапіць у Еўропу. У Курдыстане яму ў літаральным сэнсе пагражае смяротная небяспека, таму ён просіць змяніць яго імя. Пры гэтым выехаць "беларускім шляхам" у ЕС ён не можа.

— Каб выехаць, патрэбны грошы, шмат грошай. Толькі за афармленне дакументаў бяруць па чатыры тысячы долараў, а трэба яшчэ больш. Гэта велізарныя грошы, якіх няма ў многіх. Так, дзеля гэтага хтосьці прадае свае машыны, дамы і крамы, але гэтыя людзі заможныя, у большасці і таго няма. Таму я не ведаю, ці змагу калі-небудзь адсюль выехаць.

Сярод тых, хто ўцякае праз Беларусь, расказвае Азвер, ёсць прадстаўнікі ЛГБТК+. На радзіме іх могуць папросту забіць, прычым нават сваякі. Вядома, іх не так шмат у агульнай колькасці тых, хто ўцякае "беларускім шляхам", але гэта тыя людзі, якія сапраўды не могуць вярнуцца. Хоць часта і ў Еўропе яны не могуць выдыхнуць спакойна.

— Я ведаю мужчыну, яму 34 гады. Ён гей і да гэтага часу не ажаніўся, і яго сям'я даведалася, што ён любіць мужчын. Тады ён паехаў у Сулемані [горад на ўсходзе Ірака. — Еўрарадыё], а адтуль у Беларусь і праз яе трапіў у Еўропу. Цяпер у Еўропу паехала яго сям'я: яны кажуць, што заб'юць яго за тое, што ён гей, — расказвае Азвер.

Среди тех, кто бежит из Ирака в Беларусь, — геи, которым на родине грозит смерть
Хоць у Іраку гомасексуальнасць не крыміналізаваная, ад расправаў не застрахаваны ніхто / TheDailyBeast

Такіх гісторый, кажа Азвер, шмат. ЛГБТК+ вымушаныя ўцякаць праз страх за свае жыцці. Пры гэтым ёсць пагроза не толькі для геяў, але і для лесбіянак. "Іх таксама могуць забіць", — дадае ён.

Каб быць у бяспецы, шмат каму даводзіцца жыць двайным жыццём. Па словах Азвера, ён ведае аднаго таксіста, у якога ёсць і жонка, і дзеці, але, па словах суразмоўніка, "ён казаў, што любіць секс з мужчынамі".

— Калі я б даведаўся, што мае дзеці такія самыя, я б не дапусціў, каб яны жылі тут, я б іх адправіў у Еўропу, каб яны маглі жыць.

У Азвера ёсць хлопец, і яны абодва баяцца за сваю будучыню. Пры магчымасці паехалі б у Еўропу, дзе Азвер марыць вывучыцца на пілота, але, паўтарае ён, для гэтага патрэбныя грошы.

Ёсць варыянт паспрабаваць выехаць легальна, але гэта, па яго словах, практычна немагчыма. Ніводная міжнародная арганізацыя не можа дапамагчы ў такой сітуацыі жыхарам Ірака.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі