Вы тут

Святлана Ціханоўская выступіць на слуханнях у Кангрэсе ЗША

Святлана Ціханоўская / @ tsikhanouskaya​

Святлана Ціханоўская прыме ўдзел у слуханнях камісіі па правах чалавека Тома Лантаса Кангрэса ЗША, паведамілі ў штабе палітыка.

Слуханні правядуць амерыканскія кангрэсмены — аўтар "Акта аб дэмакратыі ў Беларусі" Крыстафер Сміт і Джэймс Макговэрн. Яны неаднаразова выказваліся па беларускім пытанні.

Мяркуецца, што Святлана Ціханоўская раскажа "пра парушэнні правоў чалавека і рэпрэсіі, формы мірнага пратэсту беларусаў, пра важнасць унутранага і знешняга ціску на рэжым", распавялі ў штабе. Акрамя таго, яна будзе гаварыць пра важнасць арагнізацыі перамоў з уладай пры пасярэдніцтве АБСЕ. Вынікам гэтых перамоў павінны стаць новыя выбары.

Нагадаем, напярэдадні краіны "Вялікай сямёркі" заклікалі ўлады Беларусі правесці новыя выбары пад міжнародным наглядам, а таксама вызваліць "несправядліва зняволеных" (і палітвязняў, і ўдзельнікаў пратэстаў, якія знаходзяцца пад следствам). Заява была прынятая па выніках саміту кіраўнікоў МЗС краін-удзельніц. 

Рэпрэсіі і парушэнне правоў чалавека сталі прычынай санкцый, якія ў дачыненні да Беларусі ўвялі краіны ЕС і ЗША. Рыхтуецца новы пакет абмежаванняў. Аляксандр Лукашэнка ў адказ прыгразіў прымяніць контрсанкцыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.