Статкевіч у адказ прапанаваў БНБ увайсці ў склад “Еўрапейскай кааліцыі”

На сённяшнім пасяджэнні рады Беларускага незалежніцкага блока станоўчага рашэння аб уваходзе ў яго склад “Еўрапейскай кааліцыі” прынята не было. Менавіта такі вынік дэбатаў паміж сябрамі БНБ агучыў лідэру “Еўрапейскай кааліцыі”, старшыні “Народнай грамады” Міколу Статкевічу Зміцер Дашкевіч, які старшынстваваў на гэтым мерапрыемствы. Як патлумачыў Еўрарадыё Мікола Статкевіч, па яго назіраннях, сябры БНБ не здолелі дасягнуць кансэнсуса, неабходнага для ўключэння ў блок новага сябра.

Мікола Статкевіч:
“Там нейкая дзіўная кааліцыя — тры арганізацыі сядзелі на адным кутку стала, прыціснуўшыся плячом адзін да другога, і злобна пазіралі на 5 арганізацый, якія сядзелі на другім баку стала. Думаю, большасць была за аб’яднанне, але як мінімум адна і максімум тры арганізацыі прагаласавалі супраць”.

Прычым, кажа Статкевіч, калі ад пачатку “Еўрапейская кааліцыя” была за тое, каб аб’яднацца на роўных правах, то потым яны былі згодныя проста ўвайсці ў склад БНБ. Але і гэтага не атрымалася. Таму ён прапанаваў свой выхад з сітуацыі.

Мікола Статкевіч:
“Я падзякаваў ім і звярнуўся з прапановай аб аб’яднанні ад імя “Еўрапейскай кааліцыі”. Я парапанаваў БНБ уступіць у склад “Еўрапейскай кааліцыі”, бо ў нас затрымкі з гэтым не будзе. Альбо ўступіць цалкам, альбо — асобнымі суб’ектамі”.

Але, кажа, адказу на сваю прапанову не атрымаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі