Стала вядомае прозвішча афіцэра, які перадаваў інфармацыю экс-сілавікам

Увечары 24 сакавіка на тэлеканале "Беларусь 1" выйшаў дакументальны фільм, прысвечаны ініцыятыве экс-сілавікоў. Там афіцыйна паведамілі, што з гэтай ініцыятывай супрацоўнічаў падпалкоўнік ГУБАЗіК. Напрыканцы 2020-га ён звольніўся і з'ехаў ва Украіну. 

У фільме паказалі відэа працы ГУБАЗіК. Голас за кадрам патлумачыў, што ў інтэрнэце яно з'явілася 28 лістапада, "праз два дні пасля таго, як старшы оперупаўнаважаны 4-га аддзела 1-га ўпраўлення ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў збег ва Украіну". 

Начальнік ГУБАЗіК Андрэй Паршын заявіў, што падпалкоўнік Лупаносаў мэтанакіравана займаўся перадачай інфармацыі.

"Збіраў інфармацыю, ні ў якім разе сябе не выяўляючы, тую, да якой меў доступ", — цытуе TUT.by словы Паршына. 

Начальнік ГУБАЗіК лічыць, што менавіта Лупаносаў перадаў асноўны масіў інфармацыі: "У нас былі ўжо магчымыя намёкі на тое, што са "святая святых" ідзе такая ўцечка інфармацыі. І мы былі блізкія да таго, каб задаць пэўныя пытанні непасрэдна начальніку супрацоўніка, які здзейсніў гэтыя дзеянні".

У фільме таксама паведамілі, што ў ГУБАЗіК Станіслаў Лупаносаў, які быў спецыялістам у IT-сферы, займаўся распрацоўкай Сяргея Ціханоўскага і праекта "Краіна для жыцця".

Дарэчы, яшчэ 17 сакавіка журналіст RT Канстанцін Прыдыбайла паведаміў пра супрацоўніка ГУБАЗіК, які супрацоўнічаў з экс-сілавікамі. Ён апублікаваў фатаграфію яго рапарта і пасведчанні. Рапарт датаваны 23 снежня 2020 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.