Сіноптыкі: Будзе вельмі цёпла, але нядоўга

Сіноптыкі: Будзе вельмі цёпла, але нядоўга

Як і абяцалі прагнозы надвор’я, апошні дзень сакавіка выдаўся дажджлівым і не надта прыемным. Але 1 красавіка, пераконвае галоўны сіноптык Белгідрамета Святлана Рыбакова, сітуацыя цалкам зменіцца. У суботу дзе-нідзе пройдзе кароткачасовы дождж, у некаторых раёнах ― з мокрым снегам. Уначы будзе 0 +6, на паўночным усходзе, не выключаныя слаба адмоўныя тэмпературы. Удзень ― ад 8 да 14 цяпла, а па паўднёвым захадзе ― да + 15 +20.

“А ў нядзелю цяпло прыйдзе на ўсю тэрыторыю Беларусі, ― распавядае Святлана Рыбакова. Будзе без ападкаў, уначы ў асобных раёнах магчымы слабы туман. Начная тэмпература паветра ― +3 +9, максімальная ўдзень ― ад 14-ці на паўночным усходзе да 22 цяпла на поўдні краіны. У Мінску чакаецца +18 +20”.

Праўда, цяпло будзе нядоўгім. Ужо ў панядзелак у Беларусь вернуцца дажджы, пройдуць навальніцы. Да 21 градуса цяпла будзе толькі ў Гомельскай вобласці, на астатняй тэрыторыі ўдзень 3 красавіка слупкі тэрмометраў пратрымаюцца ў межах +11 +17. Бліжэй да сярэдзіны наступнага тыдня асадкаў не будзе, уначы +2 +9, удзень ― да +16-ці.

Паводле прагнозу сіноптыкаў, да сярэдзіны красавіка надвор’е чакаецца няўстойлівае і прахалоднае. Сапраўднае цяпло ў Беларусь прыйдзе бліжэй да Радаўніцы, 25 красавіка.

Дарэчы, красавіцкі тэмпературны рэкорд у Мінску быў зафіксаваны менавіта 2-га красавіка ў 1990 годзе ― +19. Адпаведна, сёлетні паказчык мусіць супасці з абсалютным максімумам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі