Вы тут

Шрайбман: Лукашэнка разумее, што не зможа пайсці на наступныя выбары

Арцём Шрайбман / Еўрарадыё​

Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман лічыць, што Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ў інфармацыйным пузыры і жыве з адчуваннем, што пратэст стаіўся і можа аднавіцца ў любы момант. Гэта прымушае яго выдаваць усе новыя дэкрэты і ініцыяваць рэпрэсіўныя законы. Якія, зрэшты, толькі падаграваюць пратэстныя настроі.

Мне здаецца, ён не разумее таго маштабу пратэстнага электарату, які ёсць, і думае, што ў яго большасць. Але ці разумее ён, што не зможа бязбольна пайсці на наступныя выбары? Думаю, разумее. Таму ўжо адносна сур'ёзна рыхтуе сабе шляхі адступлення.

Аналітык лічыць, што кіраўнік Беларусі не выпадкова сам рэгулярна пачынае гаварыць аб тым, што будзе з краінай "пасля Лукашэнкі". Маўляў, ён рэальна паверыў у змову і магчымасць замаху на сябе. У выніку з'явіўся дэкрэт "Аб абароне суверэнітэту і канстытуцыйнага ладу".

Так, ён рэальна паверыў, што яго могуць забіць. Прычым не проста Фядута з Зяньковічам, а рэптылоіды, ЗША, усе гэтыя змоўшчыкі. І ў гэтым святле дэкрэт — даволі зразумелае, разумнае рашэнне. Калі верыць ў гэтую замову — лагічна зрабіць што-то такое, што дэматывуе патэнцыйных змоўшчыкаў у будучыні. — працягвае Шрайбман. — Мэсэдж такі: нават калі ў іх атрымаецца ў наступны раз, яны ўсё роўна нічога не даб'юцца, таму што ў мяне за спіной дзясятак сілавікоў, якія ў выпадку чаго будуць руліць краінай. Гэта дэматывуе, паніжае верагоднасць такіх спробаў.

Але каб верыць у тое, што за гэтым стаіць ЗША, што за гэтым стаіць дзяржаўная машына, што гэта хтосьці ўхваліў на ўзроўні нейкага ведамства — ну, гэта трэба жыць глыбока ў сваім інфармацыйным пузыры. Там Лукашэнка — я не ведаю. Я не псіхааналітык, не гіпнатызёр, не экстрасэнс. Але... ЦРУ ўзяло пушкініста Фядуту, адваката Зянковіча (яго нават у партыі БНФ з цяжкасцю прызнаюць сваім) , каб у зуме абмяркоўваць пераварот? Гэта, мне здаецца, абсурд. 

Аналітык не выключае, што маючыя адбыцца мясцовыя выбары і заяўлены рэферэндум па Канстытуцыі могуць зноў палітызаваць сітуацыю ў Беларусі і прывесці да пратэстаў:

— Выбары выстрэльваюць, калі на іх накладваецца нейкай іншай нагода. Цяпер гэта будзе рэферэндум па Канстытуцыі. Ён, у першую чаргу, стане палітызавальнай і галоўнай тэмай гэтай электаральнай кампаніі. Гэта будзе не барацьба за трапленне ў Гомельскі абласны савет, а барацьба вакол новага праўладнага варыянту Канстытуцыі.

Разам з гэтым, трэба прыняць як факт, што ў цяперашні час грамадства становіцца менш палітызаваным. 

— Крута было б спытаць псіхолага. У верасні-кастрычніку былі моманты ўзлёту, потым заняпаду, потым зноў ўзлёту. Зараз заняпад. І псіхіка хоча абараняцца — выцясняе непрыемныя тэмы на перыферыю, — заключае палітычны аглядальнік.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.