Севярынец выйшаў на волю і даведаўся, што выключаны з ПЭН-цэнтру

Севярынец выйшаў на волю і даведаўся, што выключаны з ПЭН-цэнтру

Павел Севярынец выйшаў на волю пасля 15-суткавага адміністрацыйнага арышту, атрыманага за абарону Курапатаў, і даведаўся, што... выключаны з ПЭН-цэнтру за "нясплату ўнёскаў". Пісьменнік і палітык гэтым абураны. Севярынец піша на сваёй старонцы ў Facebook:

"Пакуль бараўлянскія міліцыянты, значыць, за нявыплату штрафаў па Курапатах забіраюць у мяне тэлефон і гадзіннік, а вертухаі на Акрэсціна падчас "шмонаў" выграбаюць асадкі і белую паперу, некалькі светлых розумаў у Радзе ПЭНу пад шумок вырашылі сканфіскаваць сяброўскі білет. А прымалі мяне ў 2006-ым зусім іншыя людзі. Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Лявон Баршчэўскі, Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч прыехалі ў глухі лес, у Малое Сітна, па раздзяўбанай лесавозамі дарозе — і не толькі прынялі ў ПЭН, але і прэмію Адамовіча за "Лісты зь лесу" прывезлі. Канечне ж, на цырымонію выключэння (то бок на Раду з некалькіх чалавек) сённяшнія адміністратары мяне не запрасілі. Можа, падумалі — ды сядзіць там недзе за нешта, няма сэнсу. Ды і аб выключэнні не паінфармавалі, пакуль сам ім не напісаў".

Праўда, Севярынец прызнае, што паўгода таму атрымаў патрабаванне сплаціць унёскі. На гэта ён адказаў сакратарцы ПЭН-цэнтру, што некалькі гадоў іх прынцыпова не плаціць "пасля выставы камінг-аутаў у офісе ПЭНу і мерапрыемстваў, звязаных з прапагандай гамасэксуальнага ладу жыцця". І ён гатовы быў іх пачаць плаціць, калі б яму паведамілі, што падобнага арганізацыя больш рабіць не будзе. "Хачу быць упэўненым, што немалыя для мяне грошы, адарваныя ад бюджэту маладой сям'і, не пойдуць на кепскую справу", — пісаў тады Павел Севярынец.

"Павел Севярынец — не адзіны, хто быў выключаны",сказала Радыё Свабода старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Тацяна Нядбай. "Рашэнне было складаным і не было адзінагалосным, — тлумачыць яна сітуацыю. — ...Мы высока цэнім заслугі Севярынца па абароне Курапат, але ягоная без сумневу значная і самаахвярная дзейнасць не з’яўляецца тут прадметам абмеркавання. Тут мы маем свядомае і адкрытае парушэнне Статута арганізацыі".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі