"Сельская гаспадарка не закаласіцца": як Беларусь перажыве дэфіцыт ежы ў свеце

Сельская гаспадарка ў Беларусі малаэфектыўная / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Сельская гаспадарка ў Беларусі малаэфектыўная / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

У Беларусі дэфіцыту харчавання не будзе. Хоць каля 50 краін свету сутыкнуцца з нястачай ежы праз вайну Расіі з Украінай і спад там сельскай гаспадаркі. Затое цэны ў Беларусі будуць расці і могуць з'явіцца праблемы з асобнымі прадуктамі.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, што будзе з Беларуссю ў перыяд, калі вайна Расіі з Украінай можа замарыць голадам 100 млн чалавек, і чаму наша "аграрная краіна" асабліва не наросціць экспарт сельгаспрадукцыі.

 

"Будзе даражэй, але з голаду не памром"

“Сельское хозяйство не заколосится”: как Беларусь переживёт дефицит еды в мире
Прадукцыя сельскай гаспадаркі будзе даражэць не толькі праз вайну / Еўрарадыё

Ад праблем з ежай у свеце пацерпяць самыя бедныя краіны, кажа Еўрарадыё старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі. Па звестках ААН, у першую чаргу гэта закране краіны на поўначы Афрыкі і Блізкім Усходзе, якія найменш развітыя. Там і так ёсць дэфіцыт харчавання, а даходы нізкія.

— У багатых краінах прадукты проста будуць даражэйшыя, падвысіцца харчовая інфляцыя, але з голаду не памром. Расія і Украіна — гэта 15% сусветнай вытворчасці збожжа. Калі своечасова не засеюць, то будзе дрэнна, — кажа Леў Львоўскі.

Акрамя таго, Беларусь і Расія найбуйнейшыя пастаўшчыкі калію на сусветны рынак. Калійныя ўгнаенні абедзвюх краін пад санкцыямі, што абцяжарвае становішча сусветнай сельскай гаспадаркі. Скарачэнне прапанавання азначае падвышэнне цэн на калійныя ўгнаенні, а за імі і на сельгаспрадукцыю.

“Сельское хозяйство не заколосится”: как Беларусь переживёт дефицит еды в мире
Навін пра продажы беларускага калію хоць бы ў Індыю няма / Еўрарадыё

На думку эканаміста Льва Марголіна, не факт, што прынамсі ў Расіі сельская гаспадарка моцна ўпадзе, хоць прасядзе экспарт пшаніцы.

— Усё ж баявыя дзеянні там [на тэрыторыі Расіі. — Еўрарадыё] не вядуцца. Украіна і Расія даюць прыкладна траціну сусветнага экспарту пшаніцы, але сам экспарт пшаніцы ў агульнай вытворчасці займае не такую вялікую долю. Яго можна кампенсаваць, нават калі ён наогул знікне, а гэтага, думаю, не здарыцца.

Што ж да Беларусі, асноўнымі прадуктамі харчавання мы забяспечваем сябе самі. І нават многае экспартуем.

Ёсць і такія пазіцыі, дзе нават у Беларусі могуць быць праблемы, напрыклад з белым хлебам.

— Пшаніца з высокай колькасцю клейкавіны ў нас асабліва не расце. Яна расце ва Украіне і Расіі. Гэта азначае, што, магчыма, у нас будуць перабоі з белым хлебам. Але жытам, ячменем, аўсом мы сябе забяспечваем. Яшчэ завозім з Расіі грэчку і алей. Алей можа падаражэць, хоць у свеце яго ўвогуле дастаткова.

 

"Нават калі няма прамых санкцый, узнікаюць праблемы"

Цэны будуць расці не толькі таму, што харчавання ў свеце менш. Нават беларуская сельская гаспадарка не працуе ў вакууме. Некаторыя кампаненты для вытворчасці трэба закупляць у заходніх краінах. Гэта значыць, разлічвацца за іх трэба будзе ў валюце, якая даражэе.

— Цяпер няма натуральнай гаспадаркі, калі прадпрыемства ад пачатку да канца вырабляе прадукцыю. Мы залежым ад паставак гербіцыдаў, сродкаў аховы раслін, завозім значную частку насеннага матэрыялу. І гэта датычыцца нават жывёл: завозім частку маладняку і матэрыялаў для асемянення кароў, — кажа Леў Марголін.

“Сельское хозяйство не заколосится”: как Беларусь переживёт дефицит еды в мире
Частку жывёл Беларусь закупляе ў Еўропе / Еўрарадыё

— Пакуль санкцый у гэтым дачыненні не было. Усё ж ёсць моманты, якія не абваляць сельскую гаспадарку Беларусі, нават калі знікнуць, але могуць знізіць яе прадукцыйнасць.

Сельская гаспадарка таксама залежыць ад транспарту, а цэны на паліва растуць.

Санкцыі ў дачыненні да банкаў пакуль не ключавыя для сельскай гаспадаркі, але менавіта лагістыка ўжо становіцца праблемай, мяркуе Леў Марголін.

— Нейкія банкі затрымліваюць разлікі, але ў нас пад санкцыямі не ўсе банкі. Іншая рэч, што ў кожнага прадпрыемства ёсць падрадчыкі і субпадрадчыкі. Нават калі няма прамых санкцый, узнікаюць лагістычныя праблемы. Хтосьці не хоча прапускаць беларускія аўтамабілі, хтосьці не хоча разгружаць кантэйнеры з Беларусі.

Усё гэта выклікае праблемы, якія выліваюцца ў падвышэнне цэн. Вялікую ролю ў гэтым адыгрывае і дзяржава. Калі Нацыянальны банк пачне фарсіраваць выпуск грошай, каб падтрымаць прадпрыемствы, гэта выкліча ўсплёск інфляцыі. Гэта значыць, інфляцыя будзе. Пытанне ў тым, ці будзе яна 15 адсоткаў або 30 адсоткаў.

 

"Сельская гаспадарка не закаласіцца"

“Сельское хозяйство не заколосится”: как Беларусь переживёт дефицит еды в мире
Прэміяльныя рынкі недаступныя для беларускай сельскай гаспадаркі / Еўрарадыё

У перыяд, калі некаторым краінам пагражае голад, наша сельская гаспадарка, здавалася б, магла б падняцца. Гэтага не здарыцца, лічыць Леў Львоўскі.

— Наша сельская гаспадарка ўсё роўна не моцна закаласіцца. У нас яна нізкапрадукцыйная — зямля не вельмі добрая, тэхналогій няма, сістэма калгасаў плюс праблемы з экспартнымі шляхамі. Напэўна, усё роўна будзе адчуваць сябе крыху лепш, чым раней, але проста драйверам росту не стане. Тыя краіны, якія будуць у нас купляць, гэта не прэміяльны рынак. Гэта што датычыцца раслін. З малочнай прамысловасцю ў нас і так усё ў парадку, — падводзіць рысу Леў Львоўскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі