Самыя папулярныя тэксты Еўрарадыё ў 2019 годзе: выбар чытачоў

Лога Еўрарадыё
Лога Еўрарадыё

У 2019 годзе на сайт Еўрарадыё зайшлі 10,5 млн унікальных карыстальнікаў. Яны прагледзелі 28,5 млн старонак — гэта ў два разы больш, чым летась.

Мы паглядзелі ў інтэрнэт-лічыльнікі і склалі топ-10 самых чытаных артыкулаў Еўрарадыё ў 2019 годзе. Калі вы раптам нешта прапусцілі, кожная назва артыкула — спасылка.

Як Зяленскі жартаваў пра Лукашэнку

138 690 праглядаў

На наступны дзень пасля перамогі Уладзіміра Зяленскага ў другім туры прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне мы сабралі жарты студыі "Квартал 95" пра Аляксандра Лукашэнку. Тэкст стаў самым чытаным за год на сайце Еўрарадыё, а відэа на Youtube набрала амаль 100 тысяч праглядаў.

Чым чужыя палюбоўніцы правініліся перад Лукашэнкам

91 959 праглядаў

У 2019 годзе Аляксандр Лукашэнка чатыры разы згадаў у сваіх выступах палюбоўніц. То ў сувязі з выбарамі, то ў сувязі з будаўнічым бізнесам, то ў сувязі з "Еўрабачаннем". Дзіўны факт: да гэтага Лукашэнка не казаў пра палюбоўніц цэлыя чатыры гады! З 2015 да 2018 года — ні разу. А ў 2014 годзе — зноў усплёск: палюбоўніцы сілавікоў, бізнесменаў, чыноўнікаў...

Чаму раптам кіраўніка Беларусі раз на пяць гадоў пачынае хваляваць гэтая тэма? Наконт гэтага ў кожнага свае здагадкі, а дакладны адказ ведае толькі адзін чалавек. Але тэкст пра тое, у якім кантэксце гэты чалавек згадваў пазашлюбныя сувязі ў 2019 годзе, стаў на Еўрарадыё адным з самых чытаных.

Дырэктарцы мінскай школы стала дрэнна падчас праверкі — яна памерла

76 095 праглядаў

Алену Пазенка, дырэктарку мінскай школы №134, любілі і вучні, і бацькі. Таму, калі яна памерла пасля некалькіх месяцаў у бальніцы, пра гэта сталі пісаць у сацсетках. І пісаць з абурэннем: маўляў, дырэктарцы стала кепска ў часе праверкі.

У 2019 годзе настаўнікі некалькі разоў аказваліся ў цэнтры скандалаў, а Лукашэнка тройчы заяўляў, што ў беларускіх школах — бардак.

Беларускі ў нацыянальных строях прынеслі гарбуз да амбасады Расіі

64 254 прагляды

Напярэдадні інтэграцыйных перамоў Лукашэнкі і Пуціна актывісты кампаніі "Свежы вецер" прынеслі да расійскай амбасады ў Мінску гарбуз. Гэта даўні беларускі звычай: нявеста выкочвае гарбуз да брамы, калі жаніх ёй не падабаецца. Чытачы Еўрарадыё перформанс ацанілі.

Самые популярные тексты Еврорадио в 2019 году: выбор читателей
Фота: Іван Мураўёў

"Не паеду ў дзетдом!" У Ігната ёсць мама і тата, але яго чакае прытулак

62 339 праглядаў

Бацька 11-гадовага Ігната Дзмітрый Шымановіч некалькі гадоў судзіцца з былой жонкай за тое, у каго будзе жыць сын. 29 красавіка органы апекі паспрабавалі забраць хлопчыка ў прытулак. Журналіст Еўрарадыё сутыкнулася з імі ў дзвярах кватэры, трагічная сцэна разыгралася ў яе на вачах.

Тады Ігнат нікуды не паехаў. Але пазней — ужо летам — усё ж такі аказаўся ў прытулку. Але неўзабаве вярнуўся да бацькі.

Арыгінал відэа "дзяўчыны з бюлетэнямі": глядзіце самі, колькі яна нясе лістоў

59 713 праглядаў

"Дзяўчына з бюлетэнямі" стала самым гучным скандалам парламенцкіх выбараў 2019 года. У трэці дзень датэрміновага галасавання назіральнік Юрый Вашчанчук зняў на відэа, як педагог-псіхолаг Анастасія Кулічкова выходзіць з кабінкі для галасавання. На просьбу паказаць, колькі бюлетэняў у яе ў руках, дзяўчына не сказала нічога, а потым на параду старшыні камісіі (якая аказалася яе начальніцай) і зусім выйшла з ўчастка, не прагаласаваўшы.

Мы апублікавалі арыгінальны відэазапіс у якасці 1080р — зараз кожны можа сам разгледзець, што ж трымае дзяўчына ў руках!

Што вядома пра жахлівае забойства, якое згадаў Лукашэнка

52 463 прагляды

Адказваючы на ​​пытанне Аляксея Венядзіктава пра смяротнае пакаранне, Лукашэнка згадаў страшнае забойства: "Два падонкі, інакш не назавеш, не памятаю, у якім раёне. У іх ужо былі і разбоі, і іншае, і каралі іх. Забілі сваю настаўніцу".

Мы даведаліся дэталі, галоўная з якіх — суд па гэтай справе яшчэ ідзе. Прысуду не было — гэта значыць, ніхто не мае права публічна называць абвінавачваных забойцамі. А згадванне "двух падонкаў" прагучала ж ледзь не як аргумент за захаванне смяротнага пакарання ў Беларусі. І якую выснову зробіць са слоў Лукашэнкі суддзя?

"Хто колькі можа!" Як я схадзіў на першы бацькоўскі сход

48 961 прагляд

Рэпартаж намесніка рэдактара Еўрарадыё Віктара Краўчука з бацькоўскага сходу прачытала амаль 50 тысяч чалавек. Мабыць, многія сутыкаюцца там з тымі ж пытаннямі, што і Віктар. І зноў у цэнтры ўвагі беларуская школа.

У цэнтры Мінска прайшла акцыя "свабодных людзей"

47 667 праглядаў

А гэта зусім іншы рэпартаж: на Кастрычніцкай плошчы ў цэнтры Мінска кандыдаты ў дэпутаты сустрэліся з выбаршчыкамі. На акцыю сабралася ўсяго каля ста чалавек, але яна выклікала вялікі рэзананс. Не ў апошнюю чаргу гэтаму паспрыялі ўлады, якія ў сярэдзіне лістапада перакрылі плошчу для ўстаноўкі навагодняй ялінкі.

Самые популярные тексты Еврорадио в 2019 году: выбор читателей

Дзяўчына, асуджаная за SMS з каардынатамі закладкі, працягвае паміраць у турме

44 997 праглядаў

Антынаркатычнае заканадаўства заставалася адной з галоўных тэм у 2019 годзе. Раман Пратасевіч расказаў гісторыю дзяўчыны, асуджаны на 8 гадоў зняволення за тое, што дапамагла свайму хлопцу купіць наркотыкі. У Ірыны Антанюк — тузін дыягназаў, а калонія — зусім не санаторый...

Гэта былі лепшыя тэксты Еўрарадыё па версіі чытачоў. А 2 студзеня вас чакае топ-10 ад нашых журналістаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі