Сабраных падчас марафону сродкаў хопіць на падтрымку 6 сем’яў дзеячаў культуры

Усяго ў няволі знаходзіцца 136 дзеячаў беларускай культуры

Усяго ў няволі знаходзіцца 136 дзеячаў беларускай культуры / bysol

Сабраных падчас Марафону салідарнасці грошай, якія атрымала Рада культуры, хопіць для падтрымкі толькі шасці сем’яў. Пра гэта Еўрарадыё расказаў кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін.

Усяго ў няволі знаходзіцца 136 дзеячаў культуры.

— Па дамоўленасці з арганізатарамі марафону гэтыя грошы будуць пералічаныя на дапамогу тым дзеячам, якія афіцыйна прызнаныя палітвязнямі. А таксама былым палітвязням, якія вызваліліся.

Мы працавалі з запытамі, якія да нас прыходзяць, і вызначылі палітвязняў у цяжкім фінансавым становішчы. Тых, каму патрэбныя грошы на аплату паслуг адвакатаў, на рэабілітацыю, на рэлакацыю, на перадачы.

Мы зможам размеркаваць гэтыя грошы сярод шасці сем’яў. Вядома, гэтага недастаткова, і вельмі шкада, што не падпадае пад гэтыя крытэры тая група творцаў, якія ўжо прайшлі праз суткі і якім пагражае арышт, якія пазбаўленыя працы, але не прызнаныя палітвязнямі.

Для дапамогі гэтым людзям Рада будзе шукаць іншыя крыніцы сродкаў.

Будкін кажа, што справаздачу будуць рабіць паводле формы, распрацаванай арганізатарамі марафону.

Грошы, сабраныя падчас марафону "Нам не ўсё адно!", пачалі паступаць ініцыятывам, якія дапамагаюць палітвязням, на гэтым тыдні. Першыя пераводы атрымалі Dissidentby, "Краіна для жыцця", BY_help і Рада культуры.

На цяперашні момант у іх адрас накіравана 63,5 тысячы еўра з 557,8 тысячы. Іншыя плацяжы — у працэсе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі