Вы тут

"Рускі свет", Еўропа ці лепш ВКЛ: якая інтэграцыя патрэбная беларусам

Агульная ідэалогія і гістарычная спадчына маглі б стаць добрым падмуркам для саюзу / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Беларусі неабавязкова выбіраць паміж “рускім светам” і ЕС, дзе адзінства слабее. Тым больш што адназначнага меркавання адносна інтэграцыі з іншымі краінамі ў беларусаў няма. Адным з новых цэнтраў эканамічнага супрацоўніцтва ў Еўропе могуць стаць краіны, якія знаходзяцца на тэрыторыі былога ВКЛ: Беларусь, Украіна, Польшча і Літва, лічыць каардынатар праекта “Карпаратыўнае кіраванне ў Беларусі”, эканамічны аналітык Сяргей Мазоль.

У працы “Перспектывы стварэння новай інтеграцыйнай групоўкі ў Еўропе і ўдзелу ў ёй Беларусі” эксперт распісаў, што не так з Еўрасаюзам, чаму Беларусі трэба ў “ВКЛ” і дзе краіны новага эканамічнага ўтварэння могуць пераняць вопыт эфектыўнага дзяржкіравання і інавацыі.

Еўрарадыё сабрала асноўнае з артыкула.
 

Што не так з Еўропай?

Вайна ва Украіне паказала, што ў Еўропе часам складана з адзінствам / Reuters

Інтэграцыя ў Еўропе страчвае сваю сілу праз супрацоўніцтва вядучых еўрапейскіх краін з усходнімі дыктатарскімі рэжымамі. У прыватнасці, гэта палітыка прымірэння з Расіяй і гандаль энерганосьбітамі з агрэсарам. Адным краінам гэта прыносіць выгаду і дазваляе дамінаваць у Еўропе. Іншым цяжка гэта прыняць. Акрамя таго, страчваецца каштоўнасны складнік, які важны для еўрапейскай інтэграцыі.

Дынаміка геапалітычных прыярытэтаў беларусаў / графік з артыкула Сяргея Мазоля

Роля краін “старой” Еўропы, якія самаўхіліся ад падтрымкі беларускай грамадскай супольнасці ў 2020 годзе на карысць звычайнай палітыкі “залагоджвання дыктатараў”, не спрыяе праеўрапейскай скіраванасці беларускага грамадства, — піша Сяргей Мазоль. — Беларусь, Літва, Польшча, Украіна добра ведаюць, што такое таталітарная дзяржава, чырвоны тэрор, знішчэнне нацыянальнай ідэнтычнасці таталітарнай дзяржавай. Агульная ідэалогія і гістарычная спадчына маглі б стаць добрым падмуркам для стварэння ў Еўропе новага культурнага, каштоўнаснага і эканамічнага цэнтра.
 

У беларусаў з'явіцца шанец жыць не горш за суседзяў

Эканамічна для Беларусі такі саюз значна больш выгадны, чым цяперашні стан і пастаянная падтрымка Расіі. Для таго каб зразумець, што арыентацыя на Расію — тупік, аўтар прапаноўвае параўнаць эканамічны рост Літвы і Беларусі за 2010-2020 гады. У Літве ён склаў +52,3%, а ў Беларусі — толькі +5,31%. Эканамічны і сацыяльны разрыў паміж Беларуссю і цывілізаваным светам будзе працягваць расці, калі нічога не зменіцца.

Вынікам адмоўнай геапалітычнай арыентацыі з’яўляецца тое, што да 2020 года ВУП на душу насельніцтва Беларусі аказаўся ў тры разы ніжэйшы, чым адпаведны паказчыка Літвы.

Параўнанне эканамічных патэнцыялаў краін “ВКЛ” і краін — лідараў “старой” Еўропы па паказчыку ВУП, 2020 год / World Development Indicators

Ні развіццё асобных краін, ні фармаванне паспяховага саюза немагчымыя без эфектыўных інстытутаў.

Донарамі перадавых практык дзяржкіравання будуць Вялікабрытанія і ЗША, а магчыма, і Літва, якія маюць добрыя паказчыкі якасці дзяржкіравання… Эканамічная інтэграцыя здольная зрабіць важны ўплыў на распаўсюджанне паміж краінамі — чальцамі інтэграцыйнай группоўкі перадавых практык дзяржкіравання і досыць хутка перадолець інстытуцыянальны разрыў з больш развітымі краінамі. Менавіта больш эффектыўныя эканамічныя інстытуты робяць сацыяльную группу, у нашым выпадку группу краін, больш эффектыўнай і дазвалюць ёй заняць лепшае месца ў сусветным эканамічным парадку, — рэзюмуе Сяргей Мазоль.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.