Румас: Беларусь хоча доўгатэрміновых кантрактаў на азербайджанскую нафту

Румас: Беларусь хоча доўгатэрміновых кантрактаў на азербайджанскую нафту

Беларусь зацікаўленая ў доўгатэрміновым кантракце на пастаўку азербайджанскай нафты. Пра гэта кіраўнік беларускага ўрада Сяргей Румас заявіў на сустрэчы з прэзідэнтам дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджана "Socar" Раўнагам Абдулаевым.

"Гэтую нафту мы плануем перапрацоўваць на Мазырскім НПЗ з выкарыстаннем нафтаправода Адэса — Броды — Мазыр. Мяркую, што такое супрацоўніцтва будзе цікавае і кампаніі "Socar", — перадае БЕЛТА словы Румаса.

Кіраўнік беларускага ўрада нагадаў, што наша краіна купляла ў "Socar" нафту ў 2011 і 2016 гадах. А азербайджанскі бок купляе беларускія нафтапрадукты.

Румас падкрэсліў, што Беларусь цяпер працуе над дыверсіфікацыяй паставак нафты. Раней наша краіна купляла ўсю нафту ў Расіі. "Але ва ўмовах працягу падатковага манеўру да 2024 года нафта для Беларусі будзе рынкавай. Вядома, без альтэрнатыўных паставак нафты сёння нельга казаць пра энергетычную бяспеку Беларусі", — патлумачыў ён.  Прэм'ер-міністр выказаў надзею, што "Socar" з'яўляецца надзейным партнёрам у гэтай сферы.

Пры гэтым наша краіна не плануе цалкам адмаўляцца да паставак расійкай нафты — толькі "дыверсіфікаваць іх да пэўнага ўзроўню".

5-6 сакавіка "Socar" адправіць першы танкер з нафтай для Беларусі. Аб'ём паставак складзе каля 85 тысяч тон. 20 сакавіка плануецца адгрузіць другі танкер, таксама аб'ёмам каля 85 тысяч тон.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі