"Руку паставяць — паеду назад". Расказ пра суперлюдзей з цэнтраў пратэзавання

Рэпартаж з Украіны, дзе нязломныя ўкраінскія ваяры вучацца жыць з пратэзамі

Рэпартаж з Украіны, дзе нязломныя ўкраінскія ваяры вучацца жыць з пратэзамі / фота: Ксенія Галубовіч

Еўрарадыё наведала два буйныя цэнтры пратэзавання ў Львове, каб паглядзець, як Украіна, магчыма, у будучыні зробіцца галоўным хабам у гэтым кірунку.

"Жыву — і добра", — кажа 22-гадовы Георгій, седзячы на велатрэнажоры ў цэнтры Unbroken пры шпіталі Святога Панцеляймона. У яго няма правай рукі.

Георгій служыў у пяхоце 95-й брыгады. Руку страціў падчас бою пад Крамянной, у раёне Бахмута, гэтым летам. Там ён перасякаўся і з беларускімі байцамі. Называе іх "шалёнымі".

Як усё здарылася, Георгій не памятае. Пабрацімы казалі, што выцягнулі яго цудам.

"Апошняе, што памятаю, — штурм, потым прачнуўся ў шпіталі. Медсястра некуды адышла, і я паспрабаваў адтуль пайсці, але далёка не адышоў, прайшоў два метры. Былі думкі: навошта мяне вывезлі, але потым зразумеў, што можна жыць з пратэзам".

У Кіеве Георгій вучыўся зноў хадзіць: 20 секунд — і траціў прытомнасць. Пасля яго накіравалі ў Львоўскі шпіталь.

"Раз я сюды трапіў, то трэба рабіць. Калі чалавек хоча, ён адновіцца цалкам", — упэўнены хлопец.

Как протезируют в Украине
"Руку паставяць — паеду назад", — расказвае Георгій / фота: Ксенія Галубовіч

Георгій ваюе паводле кантракта яшчэ з 2020 года. Незадоўга да пачатку поўнамаштабнай вайны ён быў у зоне АТА. Неўзабаве мусіў ехаць дадому, а ў выніку ў родны Ірпень трапіў толькі ў пачатку вясны гэтага года.

"Руку паставяць — паеду назад", — расказвае Георгій. Гэта значыць, на фронт. Паводле хлопца, "Град" можна і адной левай навучыцца трымаць.

Новую руку Георгію паставяць прыкладна праз паўтара месяца. Тое, што ад яе засталося, не баліць, але адчувае яе да пальцаў. Да адчуванняў ужо прывык, нягледзячы на тое, што быў праўшуном.

Да войска Георгій працаваў масажыстам. Цяпер ён марыць пра ферму і хоча зрабіцца рэабілітолагам, каб дапамагаць людзям:

"Вайна не пакінула нам выбару. У кожнага раней была свая справа. З 20 чалавек у маім падраздзяленні толькі адзін хацеў забіваць, бо ён з Данбаса і яго сям'я загінула".
 

Нязломныя

Паводле Карыны Швец, камунікатаркі цэнтра Unbroken, амаль палова з тых, хто трапляе ў цэнтр, вяртаецца назад на вайну.

Частка шпіталя, прызначаная для рэабілітацыі, адкрылася ў красавіку 2023 года, хоць насамрэч праца ідзе ўжо больш за год. За час вайны праз цэнтр прайшло паўмільёна чалавек. З іх 80 тысяч — ваенныя і ўнутрана перамешчаныя асобы, гэта значыць, тыя, хто прыехаў з акупаваных тэрыторый.

Тут пяць кірункаў: хірургічнае, апёкавае, ментальнае, пратэзнае і траўматалагічнае. У кабінетах, дзе шмат натуральнага святла, стаяць розныя трэнажоры і іншыя апараты, якія здымаюць фантомныя болі. Таксама тут ёсць памяшканне, якое імітуе кватэру, — з ложкам, кухняй, пральнай машынай і прыборамі для пратэзаваных рук. У ім можна займацца, адчуваючы сябе як дома.

“Руку поставят, поеду обратно”. Рассказ про суперлюдей из центров протезирования
Цяпер у шпіталі цывільных няма — толькі вайскоўцы / фота: Ксенія Галубовіч

А яшчэ раз на тыдзень пацыенты ходзяць альбо на боўлінг і ў кіно, альбо на рыбалку.

Тут 50 месцаў. Знаходжанне для пацыента — бясплатнае, як і пратэз. Яны аплачваюцца дзякуючы данатам праз Dobro.ua. Кошт пратэза можа вар'явацца ад 12 да 50 тысяч долараў. За ўвесь час пацыентам паставілі больш за 200 пратэзаў.

Протезы пострадавшим в Украине
Юрый і Сяргій / фота: Ксенія Галубовіч

Сяргія мабілізавалі 25 лютага. У 128-й штурмавой брыгадзе ён быў старэйшым роты. Удзельнічаў у баях пад Бахмутам, Херсонам. Раненне атрымаў пад Запарожжам 9 чэрвеня, калі пачалося контрнаступленне.

"У мяне з роты восем чалавек падарвалася і адзін загінуў пад артабстрэлам. Нас пяць груп выходзіла, па 5-7 чалавек на штурм. Выжылі, страт было шмат, а тут пад Запарожжам вельмі-вельмі па-дурному я падарваўся на міне. Шчыра, крыўдна. Досвед быў, але трапіў так па-дурному, што не магу сабе дараваць".

Паводле Сяргія, рэабілітацыя праходзіць добра. Хутка ён будзе спрабаваць хадзіць, хоць, хутчэй за ўсё, давядзецца перажыць рэампутацыю. Гэтую аперацыю праводзяць, калі быў адрэзаны занадта маленькі кавалак канечнасці, каб надзець пратэз.

"Калі б ведаў, то абрэзаў бы адразу. Я даставаў нож, але не дацягваўся, бо скура, пальцы віселі. Я ж свядомасці не страціў. Баяўся, раптам нешта не так зраблю. Так што нож схаваў назад".

Пасля цэнтра Сергій збіраецца вярнуцца дадому. Там ён будзе аднаўляць свой будаўнічы бізнес, які заўважна ўпаў за час яго адсутнасці.

"Аптымістычна, што паставілі людзей на ногі, а з другога боку, ты не ведаеш, ці будзеш наступным пацыентам. Можа, у любы момант адбыцца ўсё што хочаш", кажа прадстаўнік Superhumans Андрый Ішчык.

Сам цэнтр адкрыўся 14 красавіка. Гэта цалкам прыватная дабрачынная арганізацыя. Калі яе корпус толькі будаваўся, першыя пацыенты ўжо атрымалі пратэзы ў Германіі і Англіі. Цяпер усе аперацыі адбываюцца на месцы. Акрамя пратэзавання канечнасцяў, тут яшчэ запускаюць лячэнне траўмаў твару.

Протезы для ветеранов в Украине
У калідоры Unbroken / фота: Ксенія Галубовіч

Паводле Андрыя, цяпер цэнтр атрымаў 1100 заявак. А месцаў толькі 60.

"Тут пакуль няма дзе жыць, частка людзей — у суседнім шпіталі, а некага прывозяць з іншых месцаў. З часам будзе каля 50 палат".

На гэты момант тут таксама ляжаць толькі вайскоўцы, але не толькі ўкраінцы. Адна з пацыентак зрабілася супрацоўніцай цэнтра. Цяпер яна — ментарка, роўная роўнаму, то-бок чалавек, што перажыў такі ж вопыт і гатовы ім дзяліцца.  

Каб сюды трапіць, трэба запоўніць простую заяўку, прайсці размову з псіхолагам. Але адной размовы мала, патрэбная гатоўнасць пачаць працу, кажа Андрый.

Сам ён да 2015 года працаваў журналістам. У зону АТА спачатку паехаў як аператар, а потым, маючы досвед афіцэра запасу, прыняў рашэнне пайсці на службу, на якой правёў чатыры гады. Потым зноў вярнуўся ў журналістыку. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны пачаў працаваць фіксерам, хоць думаў зноў вярнуцца ў войска. Цяпер працуе ў цэнтры.

"Я адчуваю карысць таго, што раблю. Мяне пытаюць, чаму я не ў войску. Ну, сядзець там, паперкі раскладаць, як бывала... Тут я бачу вынік, што чалавек прыходзіць, а праз тыдзень-два яго выпісваюць. У канцы дня ёсць пачуццё выкананага задання".

Паводле яго, людзі вяртаюцца не зусім на фронт, а на службу, і часцей на іншую пасаду.

"Які б ні быў пратэз, наўрад ці чалавек зможа бегаць і выконваць усё тое, што рабіў раней. Яны робяцца аператарамі дронаў або інструктарамі. Часта кажуць, што хочуць дзяліцца сваім досведам".

Реабилитация после протезирования
У цэнтры ёсць басейн і пакоі адпачынку / Фота: Ксенія Галубовіч

У залах з рознымі трэнажорамі займаюцца мужчыны з рознымі ампутацыямі. Яны ўсміхаюцца наведвальнікамі і жартуюць паміж сабой. Паралельна вучацца трымаць баланс.

Адзін, напрыклад, робіць гэта на сімулятары прагулак па парку або стоячы падчас паездкі ў аўтобусе. Іншы расцягваецца на трэнажоры, трэці ездзіць на ровары. Кожнаму пацыенту тут распісваюць сваю праграму.

У цэнтры ёсць басейн і пакоі адпачынку. А на выходных хлопцаў возяць на іпатэрапію.
 

Як робяць пратэзы

"Кожная гісторыя ўнікальная, кожны чалавек унікальны і кожны пратэз унікальны", кажа Андрый.

Пратэз гэта працэс. Спачатку пацыенту здымаюць меркі, потым паводле іх робіцца часовы прыёмнік, у які ўстаўляецца кукса. Чалавек пачынае вучыцца хадзіць на пратэзе або карыстацца пратэзам рукі. Куксы памяншаецца з часам, таму прыёмнік некалькі разоў перарабляюць, пакуль не атрымаецца пастаянная гільза. Астатнюю частку пратэза канструююць пратэзісты пад патрэбы кожнага пацыента. 

Ёсць пратэзы механічныя і электронныя. Андрый параўноўвае іх са старой нокіа і айфонам. Паводле яго, не заўсёды наварочаны пратэз патрэбны кожнаму чалавеку. Усё залежыць ад патрэбаў. Калі пацыент потым вяртаецца на фронт або ў поле, то яму механічнага функцыяналу будзе дастаткова.

Как делают протезы в Украине
Працэс стварэння пратэза / фота: Ксенія Галубовіч

"Да нас прыязджалі пацыенты з класнымі замежнымі пратэзамі, але яны не ўмелі імі карыстацца. Ці, напрыклад, не паедуць яны зноў туды, каб умоўна падкруціць болцік. Таму павінен быць комплексны падыход".  

Адсюль і ідэя Superhumans, каб у самім цэнтры не толькі выраблялі пратэзы, але і з'явіўся сэрвіс.

Андрый кажа, што для функцыянавання цэнтра патрэбны мільён долараў у месяц. Гэта вялікія грошы, але цяпер у іх ёсць спонсары, як замежныя, так і ўкраінскія.

"Можа, калі-небудзь будзе пратэз Superhumans. Калі мы будзем самі рабіць усе запчасткі".
 

Праблем яшчэ шмат

Паводле статыстыкі Міністэрства сацыяльнай палітыкі Украіны, за час поўнамаштабнай вайны колькасць людзей з інваліднасцю вырасла на 300 тысяч чалавек (да 3 мільёнаў). Таксама вядома, што з пачатку поўнамаштабнай вайны ў каля 20 тысяч украінцаў былі ампутаваныя канечнасці. І ў перспектыве такіх людзей будзе яшчэ больш.

Таму ў перспектыве будзе расці попыт на з'яўленне большай колькасці такіх цэнтраў з комплексным абслугоўваннем і, вядома ж, на спецыялістаў.

Паводле Андрыя Ішчыка, Superhumans таксама займаецца абменам досведам і навучаннем спецыялістаў-пратэзістаў. Ён кажа пра агульны недахоп ваенных псіхолагаў, бо гэта людзі, якія патрэбныя з самага пачатку рэабілітацыі. Але на гэтыя патрэбы адгукнуліся мясцовыя ВНУ.

"Ва ўкраінскім Каталіцкім універсітэце ёсць факультэт здароўя, у Палітэхніцы будуць выпускаць рэабілітолагаў-пратэзістаў.

Шмат людзей сюды прыязджае, тыя ж студэнты-архітэктары, якія бачаць, колькі людзей з пратэзамі, а іх будзе яшчэ больш. Яны будуць улічваць гэта пры стварэнні сваіх праектаў. Можа, не будзе больш пандусаў пад 45 градусаў. Бо гэта нават пра змены не парогаў, а менталітэту, культуры і ўспрымання. Гэты цэнтр павінен уплываць на грамадства і на сістэму аховы здароўя".

“Руку поставят, поеду обратно”. Рассказ про суперлюдей из центров протезирования
З Superhumans кіраўнікі плануюць зрабіць сетку. Наступны цэнтр з'явіцца ў Харкаве / фота: Ксенія Галубовіч

Са слоў Андрыя, "савок" усё яшчэ моцна сядзіць у галовах людзей, гэтага шмат і ў войску, і ў медыцыне. Але ён верыць, што цэнтр зможа паказаць годны прыклад.  

"Вунь там ёсць дарожка, якую ўсё ніяк не могуць адрамантаваць, хоць ёй ездзяць хлопцы. Дзіўна, калі шмат з аднаго боку неверагодных поспехаў, а з другога некаторыя рэчы застаюцца нязменнымі".

З цэнтра Superhumans кіраўнікі плануюць зрабіць сетку. Наступны цэнтр з'явіцца ў Харкаве.

Паводле Андрыя, цывільныя часта трапляюць у звычайныя бальніцы, таму не ведаюць пра такія рэабілітацыйныя цэнтры. Ёсць таксама праблема пратэзавання дзяцей, бо яны растуць, а пратэзы разам з імі.

У планах зрабіць і рэабілітацыю для жывёл. У Львове ўжо ёсць прытулак для пакінутых гадаванцаў, у якіх адсутнічаюць некаторыя канечнасці. Таксама сабакі могуць зрабіцца кампаньёнамі ў рэабілітацыі.

"Замежнікі кажуць, што такога цэнтра ў свеце няма. Мы бяром гэта пад увагу, але нам самім яшчэ ёсць куды расці".

Юлія Аляксеева / Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі