Рок-клуб T.N.T. аднаўляе працу, але пакуль у фармаце паба

Канцэртаў у рок-клубе T.N.T. пакуль не будзе / ілюстрацыйнае фота pixabay.com
Канцэртаў у рок-клубе T.N.T. пакуль не будзе / ілюстрацыйнае фота pixabay.com

Пасля вымушаных вакацый зноў пачынае працаваць мінскі рок-клуб T.N.T. У гэтую пятніцу адбудзецца афіцыйнае адкрыццё. Але напярэдадні прадстаўнікі клуба заявілі, што праграму адкрыцця давялося скарэктаваць — заяўленых выступаў музыкаў не будзе.  

Ад музычных сэтаў давялося адмовіцца "праз незалежныя ад нас абставіны", тлумачаць у T.N.T. Там таксама расказалі, што, "на жаль, выступленні груп мы пераносім на нявызначаны момант". Адміністрацыя клуба проста запрашае "добра прабавіць час у любімых сценах, пазнаёміцца з нашай камандай, атрымаць асалоду ад напояў і ежы". Клуб пакуль будзе працаваць у рэжыме паба.

"Люстэрка" мяркуе, што адмяніць выступ музыкаў у клубе былі вымушаныя праз абноўлены Закон "Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь". Паводле новых правілаў, любая вечарына ад тысячы чалавек можа быць прыраўнаваная да "сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання". А значыць, каб яе зладзіць, трэба атрымаць дазвол мясцовых уладаў.  

Рок-клуб T.N.T. адкрыўся ў Мінску, нагадаем, у ліпені 2012 года. Мінулай вясной прадстаўнікі клуба расказвалі журналістам пра складанасці, пра тое, што перажываюць цяпер адзін з самых праблемных перыядаў. На сітуацыю паўплывалі і пандэмія, і вайна ва Украіне. Праз некалькі месяцаў, летам 2022 года, рок-клуб T.N.T. абвясціў, што сыходзіць на вакацыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі