Вы тут

“Робяць сабе некралог”: Зоя Белахвосцік пра новую “Паўлінку” для Лукашэнкі

Лукашэнка ў Купалаўскім (у тым, што ад яго засталося) / president.gov.by

19 лютага Аляксандр Лукашэнка наведаў Купалаўскі тэатр, дзе яму прадэманстравалі рэпетыцыю новага спектакля “Паўлінка”. Кампанію беларускаму кіраўніку склалі новы дырэктар тэатра Аляксандр Шастакоў, новы міністр культуры Анатоль Маркевіч ды кіраўніца Савета Рэспублікі Наталля Качанава.

У жніўні 2020-га з тэатра імя Янкі Купалы звольніліся 58 супрацоўнікаў — сярод іх 36 акцёраў. Такім чынам купалаўцы выказалі сваю пазіцыю наконт звальнення з пасады дырэктара тэатра Паўла Латушкі, якія асудзіў гвалт сілавікоў пасля 9 жніўня. Цяпер тэатр набраў новую трупу — сюды прыйшлі студэнты БДАМ і БДУКМ, і міністр культуры запэўніў Лукашэнку, што “Паўлінка” стала лепшай, чым была.

Акторка Зоя Белахвосцік, якая ў жніўні сышла з Купалаўскага, кажа, што візіт Лукашэнкі — гэта яго спроба прадэманстраваць, што сітуацыя з пратэставым Купалаўскім пад кантролем: “Ёсць у нас шмат новых і тэленавітых, а гэтыя хай ідуць і робяць што хочуць. А ў тэтры ўсё добра і ўсё цудоўна”.

Белахвосцік згадвае, што сённяшні візіт у Купалаўскі тэатр — чацвёрты для Лукашэнкі за 26 гадоў ва ўладзе:  

“Быў у нас на “Вітаўце” — гэта было даўно (у пачатку 2000-х. — Еўрарадыё). Яшчэ — калі адкрываў тэтр пасля рэканструкцыі (у 2013-м. — Еўрарадыё), таксама глядзеў “Паўлінку”. А яшчэ не памятаю гэты год — хіба 1995-ы — на нейкай нашай імпрэзе сядзеў у зале яшчэ іншы, зусім малады”. 

Як былыя купалаўцы, якія цяпер называюць сябе “вольнымі купалаўцамі”, ставяцца да новай пастаноўкі “Паўлінкі”? 

“Вы ведаеце, мы ніяк не ставімся. Нам, магчыма, брыдка, але не больш таго. Мы аб гэтым і не думаем. Самыя трагічныя і вострыя адчуванні ў нас ужо прайшлі, калі гэтая маленькая частка засталася там. Гэта іх лёс — яны робяць сабе некралог. Хай будуць здаровенькія”.   

У канцы снежня 2020-га адбыліся закрытыя перадпрэм'ерныя паказы “Паўлінкі”. Прэм'ера была папярэдне прызначана на студзень 2021-га, але потым пераносілася. На сайце Купалаўскага тэатра наконт гэтага адсутнічае якая-небудзь інфармацыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.