Рэжым Лукашэнкі цалкам адказны за здароўе Калеснікавай — Дзярждэпартамент ЗША

Марыя Калеснікава / Reuters
Марыя Калеснікава / Reuters

Афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Нэд Прайс зрабіў заяву з нагоды сітуацыі з беларускай палітзняволенай Марыяй Калеснікавай. Напярэдадні стала вядома, што яна знаходзіцца ў рэанімацыі гомельскай бальніцы. 

"Рэжым у Беларусі нясе поўную адказнасць за здароўе і дабрабыт Марыі Калеснікавай і 1440 іншых палітзняволеных. Вінаватыя будуць прыцягнуты да адказнасці", — гаворыцца ў заяве.

Амбасада ЗША ў Беларусі "ўважліва сочыць за паведамленнямі аб раптоўнай шпіталізацыі беларускай палітзняволенай" і спадзяецца, што яна "атрымае поўную і якасную мэдыцынскую дапамогу".

Марыя Калеснікава з 28 лістапада знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні бальніцы хуткай меддапамогі ў Гомелі, ёй зрабілі аперацыю. У аўторак яна была ў "стабільна цяжкім стане з паляпшэннем".

Калеснікава — каардынатарка штаба Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, уваходзіла ў кіраўніцтва Каардынацыйнай рады. Яна знаходзіцца за кратамі з верасня 2020-га. У верасні 2021-га Марыя Калеснікава была асуджана на 11 гадоў зняволення (яе прызналі вінаватай у "змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады", "закліках да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны" і "стварэнні экстрэмісцкага фарміравання"). З пачатку 2022 года яна была пераведзена ў гомельскую жаночую калонію № 4. Нядаўна з'явілася інфармацыя, што палітзняволеная трапіла ў штрафны ізалятар.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі