Віншаванне ад “Дай Дарогу!”: “Няхай не будзе ніякага болю!” (відэа)

Нагадаем, што кіраўніца аддзела па справах моладзі Брэсцкага гарвыканкаму падала ў суд на музыкаў пасля скандалу, які разгарэўся падчас забароны некалькіх канцэртаў гурта. Суд Ленінскага раёна Брэста вынес прысуд: рок-музыкі лічацца вінаватымі ў абразе Таццяны Барышчык і павінны выплаціць ёй грашовую кампенсацыю ў памеры 10 базавых велічынь, то бок, мільён беларускіх рублёў.

"На жаль, суд супраць Барышчык мы прайгралі. Чаго і варта было чакаць! Увесь гэты судовы працэс мы вырашылі не афішаваць, але затое ў часе падзей да нас патрапілі вельмі цікавыя дакументы, якія праліваюць святло на шматлікія падзеі... На жаль, калі мы іх апублікуем, хваля лайна накрые ўсіх з новай сілай. Нам бы гэтага не хацелася. У любым выпадку мы перамаглі!", — паведамляецца ў афіцыйнай суполццы "Дай Дарогу!" ВКонтакте.

Як паведаміў Еўрарадыё лідар “ДД!” Юрый Стыльскі, выбар песні для “навагодняга падарунку” — акустычнай версіі "Болю няма!" — у кантэксце апошніх падзеяў быў відавочны :

“Ну, як жа інакш, тут жа няма чаго здагадвацца! Няхай у новым годзе не будзе ніякага болю ні ў каго! Просты сэнс, без усялякіх там ускосных штуковін”.

Дарэчы, па дапамогу з аплатай штрафу "Дай Дарогу!" звярнуліся да сваіх прыхільнікаў. Зрабіць гэта музыкі прапанавалі праз працоўны нумар тэлефона гурта — папоўніць яго рахунак. Са словаў Юрыя Стыльскага, ужо ў першы дзень шмат хто з фанатаў адгукнуўся, каб дапамагчы любімаму гурту:

“Адзін чэл увогуле 250 тысяч паклаў! То бок, як толькі мы набярэм патрэбную суму, то адразу паведамім: “Добра, хлопцы!”. Жыць за гэтыя грошы мы, вядома, не хочам, проста нам трэба сумесна пагасіць гэтую х…ню”.

Падарункі ад "Дай Дарогу!" пераднавагоднім кліпам не заканчваюцца. У пачатку 2013 года музыкі абяцаюць парадаваць прыхільнікаў новай песняй, а таксама доўгачаканым канцэртным DVD.


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі