Шушкевіч: У Мінску ўдала падстроілі пастку

110811 ShushkevichS.mp3

Еўрарадыё: Ці сапраўды нашыя суседзі хочуць дэмакратыі ў Беларусі, ці толькі дэкларуюць гэта?

Станіслаў Шушкевіч: “Я перакананы, што і палякі і літоўцы хочуць, каб у Беларусі была дэмакратыя. Я чытаў каментар літоўскага міністра юстыцыі, пакуль што не ведаю, што там у Польшчы... Ведаеце, гэта проста вялікае непаразуменне, якое вельмі лоўка выкарысталі беларускія ўлады. Яны змагаліся з махлярствам, змагаліся з крадзяжом, і пад гэтым выглядам запатрабавалі інфармацыю...

Я не думаю, што міністэрства юстыцыі Польшчы будзе даваць нейкія звесткі, каб пацярпелі дэмакраты. Не, гэта проста выкананне тых абавязацельстваў, якія ўзялі на сябе польскі і літоўскі бакі. Але далей — тут відавочна "заснулі" ўсе і не заўважылі, што такое можа быць. І я думаю, што гэта вялікае непаразуменне, але абвінаваціць Польшчу і Літву ў тым, што яны не хочуць, каб у нас была дэмакратыя, у мяне, прабачце, не адкрываецца рот”.

Еўрарадыё: Аднак у СМІ з’явілася інфармацыя, што міністэрства юстыцыі Літвы праз суд патрабавала ў банкаў прадаставіць гэтую інфармацыю. Таксама і міністэрства юстыцыі Польшчы апраўдваецца тым, што беларускі бок не паведаміў, што Алесь Бяляцкі з’яўляецца апазіцыянерам. Ці гэта не наіўныя адказы?

Станіслаў Шушкевіч: “Паглядзіце, хто ўзначальваў польскае міністэрства юстыцыі. Узначальвалі такія людзі, як Лех Качыньскі, як Ханна Сухоцкая, я думаю, што і далей гэта будуць вядомыя, прыстойныя, дэмакратычна арыентаваныя людзі. Не могуць яны пайсці па гэтым шляху. Тут шукайце іншую прычыну. Яны выконвалі свой абавязак, яны змагаліся з махлярствам. А той, хто ім падстроіў такую пастку... — гэта відавочна дасягненне беларускай улады, якая хоча знішчыць тут дэмакратыю і даўно знішчае правы чалавека”.

Еўрарадыё: Ці не падаецца вам, што нашыя суседзі працуюць на ўзроўні сектароў: няўрадавыя арганізацыі працуюць з няўрадавымі арганізацыямі, бізнэс супрацоўнічае з бізнэсам, улады супрацоўнічаюць з уладамі, і ўсім добра?..

Станіслаў Шушкевіч: “Яшчэ раз хачу сказаць, я не дапускаю думкі, што нехта знарок робіць гэта ў Польшчы. Але я магу дапусціць думку, што і там ёсць людзі, у якіх прыватны інтарэс, карпаратыўны інтарэс большы, чым жаданне мець дэмакратычную Беларусь, мець Беларусь, у якой паважаюцца правы чалавека. Гэта заўсёды бывае ў свеце. Заўсёды ёсць часамі вырадкі, а часамі тыя, хто выкарыстоўвае сітуацыю, кажучы: я не займаюся палітыкай, я займаюся фінансаваннем або нечым іншым. Такое заўсёды было і ёсць. А міністэрства юстыцыі дзейнічае на падставе таго заканадаўства, якое ёсць у Польшчы”.

Еўрарадыё: Што рабіць беларусам у гэтай сітуацыі?

Станіслаў Шушкевіч: “Улічваць у далейшым. Мы перажылі многае, і гэта перажывем”.

Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі