Рызыкоўнае мастацтва будзе папулярызавацца ў Беларусі

Па выніках праекту паўстане фільм пра беларускіх стэнсілістаў, а таксама будзе выдадзены альбом.

Франак Вячорка: Беларуская школа Street-Artu — гэта спроба сабраць разам усіх, хто разумее, разбіраецца, ведае, што такое стэнсіл, шаблон, трымаў калі-небудзь балон з фарбаю. Спачатку у верасні мы збярэм іх у Мінску, з іх адбярэм 10 лепшых і яны паедуць у Варшаву, дзе сустрэнуцца з майстрамі стрыт-арту Польшчы, Літвы і іншых еўрапейскіх краінаў.

Еўрарадыё: Мабыць, кожны маладафронтавец трымаў у сваім жыцці балон з фарбаю. Будзеце ў сваю школу прымаць маладафронтаўцаў ці яны не пройдуць уступны іспыт?

Франак Вячорка: Я спадзяюся, што да школы далучацца не толькі аўтары палітычных стэнсілаў, але таксама анархісты, аўтары стэнсілаў, якія не маюць нічога супольнага з палітыкай.

Еўрарадыё: Як будзе рэалізоўвацца гэты праект у Беларусі, калі ў нас за графіці можна атрымаць крымінальную адказнасць?

Франак Вячорка: У тым-то і разынка нашага праекту, бо мы прапагандуем мастацтва, якое ў Беларусі дэ-факта з’яўляецца забароненым. Адной з задачаў гэтага праекту і ёсць вывесці гэтае мастацтва з падполля.

Еўрарадыё: Але дзе гэтыя сцены і плошчы вы будзеце шукаць, каб маляваць? Дэмактывістаў затрымоўвалі нават за тое, што яны не тое каб на сцяне пісалі, а крэйдай малявалі на асфальце.

Франак Вячорка: Шмат хто сядзеў і за стэнсілы, і за графіці, мы, вядома, не гарантуем бяспекі ўдзельнікам нашай школы. Мы зробім усё, каб прайшло без эксцэсаў.

Еўрарадыё: Якія тэмы стрыт-арту могуць быць папулярнымі ў Беларусі?

Франак Вячорка: “Найперш, гэта сацыяльная тэма, нізкі ўзровень жыцця, заробкі. Думаю, што можа быць адлюстраваная тэма палітвязняў. Мяркую, што будзе шмат стэнсілаў камічнага, сатырычнага зместу на высмейванне той парадаксальнай сітуацыі, якая склалася ў Беларусі, напрыклад, маўклівыя акцыі пратэсту”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі