Рамана Пратасевіча не выключалі з ліцэя БНТУ

110929 Pilecki Pratasevi4_0.mp3

“Здарылася так, што ў мяне не было іншага выйсця, як забраць дакументы. Я лічу, што я фактычна быў выключаны. Бо ў мяне не было іншага выйсця”, — расказвае сёння Раман Пратасевіч Еўрарадыё.

Яго бацька, аднак, лічыць іначай і мае ўласную версію. Дзмітрый Пратасевіч расказвае, што рашэнне аб сыходзе з ліцэя БНТУ Раман прымаў самастойна, не жадаючы ствараць непрыемнасці аднакласнікам і настаўнікам ліцэя.

“Ён сам прыняў рашэнне сысці з ліцэя. І я напісаў заяву па ўласным жаданні. Яго ніхто не выганяў. Яго ўвогуле не мелі права выганяць. Як дарослы самастойны хлопец, разумеў, што калі яго затрымаюць, ён кідае цень на сваіх аднакласнікаў, настаўнікаў. І проста маральна не мае права тады вучыцца ў такой установе. Таму ён прыняў рашэнне сысці з ліцэя БНТУ. Ён мне сам сказаў: “Тата, забірай мяне”. Я пайшоў і напісаў заяву”.

Больш таго, бацька Рамана настойвае на тым, што не выганяў сына з дому. Па яго словах, Раман сышоў сам пасля чарговай спрэчкі.

У ліцэі БНТУ таксама расказваюць, што Рамана Пратасевіча не выключалі. Сацыяльны педагог установы адзначае, што дакументы Рамана забіраў бацька, які патлумачыў свой учынак жаданнем перавесці сына бліжэй да дома.

“Яго не выгналі. Проста бацькі вырашылі перавесці яго ў школу па месцы жыхарства. Па ўсім інструкцыях, па школьнай дакументацыі мы выдаем дакументы непаўналетніх. Прыехаў бацька, напісаў заяву, патлумачыў тым, што хоча яго аддаць у 94-ую школу. Яны жывуць у вайсковым гарадку на рагачоўскай. Школа знаходзіцца па месцы жыхарства”.

Акрамя гэтага, у ліцэі звяртаюць увагу і на іншыя нестыкоўкі ў справе. У прыватнасці, на адсутнасць у Рамана Пратасевіча прэзідэнцкай стыпендыі.

“Тое, што ён лаўрэат прэзідэнцкай прэміі і гэтак далей – гэта настолькі смешна. Ён проста з’ездзіў на міжнародную канферэнцыю. Тым больш стыпендыя. Увогуле, такое слова ў адносінах да нашага ліцэя нельга прымяніць. Таму што ў нас навучаюцца дзеці 10-11 класа. У нас тая ж школа, але з паглыбленым вывучэннем гэтых прадметаў”.

Раман прызнаецца, што не атрымоўваў ад прэзідэнта ніякіх прэмій. Аднак кажа, што быў на яе намінаваны і проста не паспеў атрымаць.

“Я яе не паспеў атрымаць. Хоць я і быў намінаваны на гэтую прэмію”.

Сёння Раман сустракаецца з бацькамі. Аднак ён не ўпэўнены, што ўдасца з імі знайсці агульную мову. Бацька Рамана, Дзмітрый, настроены здаецца, больш лагодна і хоча, каб сын вярнуўся дадому.

“Вядома, дараванне патрэбнае. Можа, дзесьці і мы не маем рацыі ў тым, што не знайшлі нейкіх агульных кропак. Хоць мы ўвесь час у пошуку. Ніколі не насаджалі яму палітычных поглядаў і перакананняў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі