Вы тут

Рэлакацыя айцішнікаў ва Украіну: калі ёсць грошы, можна вырашыць любыя пытанні

IT-офіс / 24 канал

Падчас міжнароднага медыякэмпу LMF ў Львовe колішні намеснік міністра развіцця эканомікі Украіны, дырэктар Кіеўскай школы эканомікі па пытаннях палітыкі Павел Кухта распавядае Еўрарадыё, чаму лічыць, што ва ўмовах палітычнай нестабільнасці ў Беларусі Украіна — прыцягальны варыянт для беларускіх IT-бізнесменаў.

— Што такое ўкраінскі IT-бізнес і чаму ён так добра развіваецца? Таму што ён амаль не абкладзены падаткамі. Па сутнасці, украінская форма спрошчанай прадпрымальніцкай дзейнасці — гэта 5% падаткаў плюс невялікі фіксаваны падатак. Фактычна, усе IT-кампаніі структуруюцца так, што іх супрацоўнікі з'яўляюцца фізічнымі асобамі — прадпрымальнікамі, якія плацяць вельмі нізкія падаткі, — кажа Кухта.

 

Павел Кухта / Facebook

Яшчэ адна прычына, якую ён называе, — нізкія кошты ва Украіне. Па дадзеных партала Numbeo, жыццё ва Украіне сапраўды таннейшае, чым у Беларусі.

— Калі ў вас ёсць грошы, і вы жывяце ў вялікім, ды нават сярэднім горадзе, вам будзе вельмі камфортна: еўрапейская краіна, з еўрапейскай інфраструктурай, адносна бяспечная. Кавярні, рэстараны і хіпстарскія месцы — усё ёсць, — распавядае ён.

Не хавае Кухта і пэўных хібаў: сацыяльны сектар працуе не вельмі добра, але пры наяўнасці грошай можна вырашыць усе пытанні. Таксама ва Украіне дагэтуль захоўваецца грувасткая бюракратыя. Аднак, па словах Кухты, "Беларусь — былая савецкая рэспубліка, і беларусы ведаюць, што гэта і як з гэтым быць".

Карысць прыцягнення беларускіх айцішнікаў, па словах суразмоўцы Еўрарадыё, таксама відавочная.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.