Ратавальнік — амапаўцу: чаму вы хлусіце?

Ратавальнікі МГА "АСВОД" на волі / onliner.by
Ратавальнікі МГА "АСВОД" на волі / onliner.by

Ратавальнікаў, якія даставалі з вады пратэстоўцаў, што ратаваліся ад АМАПа, павінны былі судзіць дзявятага верасня. Да апошняга моманту ні начальства асводаўцаў, ні іх сваякі не ведалі, дзе і ў колькі будуць разбірацца іх справы. І нават пра тое, што іх будуць судзіць па артыкуле 23.4 КаАП — непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы, — усе даведаліся ў судзе, калі на кабінетах суддзяў з'явіўся расклад.


Судзілі ратавальнікаў па Skype. Першым перад судом паўстаў матарыст-рулявы выратавальнай станцыі "Камсамольскае возера" Мікалай Купрыенка. Яго справу разглядаў старшыня Аляксандр Петраш. Справу Купрыенкі пачалі разглядаць раней за ўсіх — каля 13:00. Ратавальнік не прызнаў віны.

Сведкам па справе выступаў нехта Аляксандр Аляксандравіч Александровіч. Нехта — таму што пазней мы даведаліся, што прозвішча, імя і імя па бацьку супрацоўніка АМАПа змененыя. Амапавец даваў паказанні ў масцы, што шчыра здзівіла Купрыенку. Але суддзя пакінуў усё як ёсць: маўляў, асоба сведкі пацверджаная, а сапраўднае прозвішча хаваецца з меркаванняў бяспекі. На наступным судзе супраць ратавальніка Пятра Траццякова сведчыў Дзмітраў Дзмітрый Дзмітрыевіч. Такі ж уяўны супрацоўнік ОУС.

Сведкі даюць падобныя паказанні. Яны даганялі пратэстоўцаў, якія ўдзельнічалі ў мітынгу, тыя скокнулі ў ваду. Ратавальнікі дасталі людзей з вады, адвезлі іх на выратавальную станцыю і аказалі неабходную дапамогу. Хоць байцы патрабавалі прычаліць да другога берага і даставіць "парушальнікаў" да іх.

Суддзя пацікавіўся, ці была тэхнічная магчымасць даставіць выцягнутых з вады людзей на бераг да міліцыянераў і выклікаць хуткую дапамогу, калі б гэта спатрэбілася. Купрыенка адказаў, што думаў зусім пра іншае.

— Я ўбачыў, як тонуць людзі, у аднаго былі сінія вусны, пена з рота. Я глядзеў толькі на людзей і на ваду, на бакі не глядзеў, не чуў, каб хтосьці крычаў. Людзі крычалі: "Дапамажыце! Ратуйце!" Я выконваў свае службовыя абавязкі, — адказвае Мікалай.

Суд вырашыў пакараць яго штрафам у 30 базавых велічынь (810 рублёў). На пытанне суддзі, якая ў Мікалая зарплата, той адказаў: "656 рублёў".

Спасатель — омоновцу: почему вы врёте?
Дачка ратавальніка Пятра Траццякова і яго жонка перад судом / Еўрарадыё

У начальніка выратавальнай станцыі "Заслаўе-2" Пятра Траццякова быў адвакат, а ў суд яго прыйшлі падтрымаць жонка і дачка. Па словах Пятра, ён не бачыў ні аўтазакаў на беразе, ні як людзі апынуліся ў вадзе. А загадаў ад міліцыянераў ён ніякіх не чуў: на другім беразе гудзела дэманстрацыя, хто і што крычыць — было незразумела.

Суддзя Вікторыя Шабуня задае Дзмітраву (памятаеце, клон Александровіча) пытанне: "Ці казалі вы што-небудзь Пятру Траццякову пры затрыманні?" Той адказвае, што затрыманне ажыццяўлялася па нормах. Ратавальнік пярэчыць: калі яго затрымлівалі, ніхто яму не прадставіўся.

Да працэсу падключаецца адвакат Інэса Аленская. Яна просіць унесці ў пратакол, што асобу сведкі немагчыма ўстанавіць, бо ён у масцы, і сапраўдныя звесткі яго невядомыя. На пытанне адваката: "Кім прыняты загад хаваць свае звесткі?" — амапавец адсылае адваката ў прэс-службу ГУУС Мінгарвыканкама. Маўляў, сам не ўпаўнаважаны даваць каментары, а там усё раскажуць.

Адвакат Аленская пытаецца ў падабароннага, У што ён быў адзеты. Траццякоў адказвае, што ў плашч зялёнага колеру, які хаваў форму ратавальніка. За некалькі хвілін да таго "Дзмітраў" сцвярджаў, што Пётр быў у форме сіняга колеру з надпісам "АСВОД". Ратавальнік кажа, што плашч трапіў з ім у ізалятар: апрануты ён быў менавіта ў яго.

І яшчэ адна нестыкоўка: па сцверджанні Дзмітрава, у катары "Прагрэс" на момант выратавання знаходзілася... 15 чалавек. Аднак разлічана гэта судна на 5 чалавек і не больш чым на 700 кг вагі.

Суддзя цікавіцца, ці ёсць у Траццякова пытанні да сведкі. Выратавальнік прастадушна пытаецца: "Чаму вы хлусіце?"

Адвакат здзіўляецца, як гэта пры такой колькасці супрацоўнікаў міліцыі з камерамі і відэарэгістратарамі ніхто не зняў момант, калі асводаўцы не падпарадкоўваюцца патрабаванням.

— На пасяджэнне ніхто не прадставіў доказы таго, што нейкія асобы наўмысна не выконваюць патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі. Я лічу, што ўся гэта справа сфальсіфікаваная і людзі, якія ў гэтым удзельнічалі, павінны папрасіць прабачэння або неяк выправіць наступствы сваіх неправамерных дзеянняў. Нават не ведаю, як яны гэта змогуць зрабіць, — выказваецца Інэса Аленская. — Некалькі дзён таму я была на працэсе, дзе затрымалі медыка з чырвоным дыпломам — толькі за тое, што выйшаў з машыны аказаць дапамогу чалавеку. Калі мы будзем караць тых, хто робіць сваю працу, не ведаю, куды мы прыйдзем. Гэта проста страшна.

Час працы суда падыходзіць да канца, і суддзя, так і не прыняўшы рашэння па справе Пятра Траццякова, аб'яўляе перапынак.

Паралельна ў судзе Цэнтральнага раёна разглядалі справы вучня вадалаза Івана Юрскага і начальніка манеўрана-пошукавай групы Аляксея Бакумава. Пасяджэнні таксама не паспелі скончыцца і працягнуцца 10 верасня. Але, прынамсі, 9 верасня ратавальнікі апынуліся на свабодзе: час, які міліцыя мела права трымаць іх у ізалятары, скончыўся.

Спасатель — омоновцу: почему вы врёте?
Спасатель — омоновцу: почему вы врёте?
Ратавальнікі "АСВОД" / onliner.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі