Расійскі эканаміст: Інтэграцыя Беларусі можа прайсці паводле крымскага сцэнару

Расійскі эканаміст: Інтэграцыя Беларусі можа прайсці паводле крымскага сцэнару

Расійскі эканаміст Сяргей Аляксашанка не выключае, што Расія можа далучыць Беларусь паводле крымскага сцэнару. Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю на радыёстанцыі "Эхо Москвы", каментуючы беларуска-расійскія перамовы па паглыбленай інтэграцыі. 

На думку эксперта, пытанне інтэграцыі на сёння вырашаецца не ў эканамічнай, а ў палітычнай сферы. "Гэта не эканамічна, гэта палітычна азначае, што ніякай паглыбленай інтэграцыі пакуль не прадбачыцца. Прэзідэнт Беларусі Лукашэнка выставіў дастаткова зразумелыя ўмовы. Калі мы гаворым пра паглыбленую інтэграцыю, то эканамічныя ўмовы вядзення бізнесу для беларускіх і расійскіх прадпрыемстваў павінны быць аднолькавымі. Гэта значыць цана на газ для беларускіх прадпрыемстваў павінна быць такая, як для смаленскіх, за выключэннем невялікай розніцы ў транспартным плячы. І тое ж самае з нафтай", — мяркуе Аляксашанка. Адмову расійскага боку ад такіх прапановаў ён лічыць непераадольнай перашкодай для паглыбленай інтэграцыі. 

Далучэнне Беларусі да Расіі, на яго думку, можа прайсці паводле крымскага сцэнару: "Трактарысты" са Смаленска, з Бранскай вобласці заедуць туды, у мясцовым Ваенгандлі нешта закупяць — і інтэгруюць Беларусь паводле крымскага сцэнару. Ніякай згоды ні ад прэзідэнта Беларусі, ні ад парламента Беларусі няма. Ад парламента Беларусі спатрэбіцца, таму што там ўстануць аўтаматчыкі, як у Крыме, снайперы, і пад дуламі аўтамата чальцы парламента прагаласуюць, як трэба, абвесцяць рэферэндум, які таксама палічаць правільна".

(Як вядома, пра куплю "ў любой краме ваенгандлю" танкаў і гарматаў расійскія ўлады заявілі пасля пачатку канфлікту на Данбасе. Крым быў захоплены з дапамогай вайскоўцаў без апазнавальных знакаў — так званых "ветлівых людзей".)

Другі варыянт, па словах Аляксашанкі, — калі ўлады дзяржаваў паспрабуюць усё ж неяк дамовіцца. Логіку Лукашэнкі на перамовах ён называе абсалютна празрыстай і зразумелай: "Ён кажа: окей, хлопцы, інтэграцыя — значыць, у нас усё аднолькава, у нас не павінна быць розніцы паміж намі. Каб законы былі аднолькавымі, суды аднолькавыя, органы бяспекі працавалі аднолькава. Каб у нас наогул усё-ўсё было аднолькава. Тады і цэны на першасныя энергарэсурсы таксама павінны быць аднолькавымі".

Пры гэтым эканаміст адзначае, што Расія дагэтуль падтрымлівае рэжым Лукашэнкі фінансава. У Беларусі існуе адмоўнае гандлёвае сальда экспартна-імпартных аперацый: краіна закупляе за мяжой больш, чым прадае. 

"І яно павінна пакрывацца нейкімі крэдытамі, пазыкамі. У Беларусі ў плацежным балансе, я паглядзеў спецыяльна перад нашай сустрэчай у дакладзе МВФ па выніках 2018 года. І там такая дзірка, нічым не вытлумачальная. Гэта значыць Беларусь, дакладна як Лукашэнка, як зайчыка з капелюша, дастае некалькі адсоткаў ВУП і закрывае дзірку. Зразумела, што гэтая дзірка зачыняецца грашыма РФ. Пра гэта ідзе гаворка. РФ плаціць, плаціць за падтрымку ў рознай форме. Выдае крэдыты самастойна, ад Мінфіна, ад еўразійскага банка. Хто толькі ні дае крэдыты Беларусі. Калі б гэта было не так, то ў Беларусі не было б грошай на куплю расійскіх тавараў", — канстатуе Аляксашанка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі