Расійскае ТБ прынесла прабачэнні за навіну пра смерць ад каранавіруса ў Беларусі

Расійскае ТБ прынесла прабачэнні за навіну пра смерць ад каранавіруса ў Беларусі

"Першы канал" расійскай тэлевізіі папрасіў прабачэння за памылковую інфармацыю, быццам у Беларусі памёр чалавек ад каранавіруса. Прабачэнні прынёс вядоўца праграмы "Время" Кірыл Кляйменаў увечары  3 сакавіка.

Праўда, прабачэнні гэтыя прагучалі дзіўна. Кляйменаў заявіў, што ад думак пра каранавірус могуць узнікаць неадэкватныя паводзіны. І пасля гэтага паведаміў, што беларусы "пакрыўдзіліся" на навіну, агучаную напярэдадні. 

"Нашы беларускія калегі пакрыўдзіліся на нас, пакрыўдзіліся на нядзельную праграму "Время". У ёй мы паведамілі, што ў ліку краін, дзе ёсць ахвяры каранавіруса, братняя Беларусь. Нібыта там памёр чалавек. Калегі! Браты! Гэта памылка. Наша памылка. Але, як кажуць, не вымушаная, выпадковая. Але ўсё роўна, прабачце, памыліліся. Ніхто не памёр у Беларусі, усе жывыя", — заявіў Клеймянаў.

Як паведамлялася раней, навіна пра смерць ад каранавіруса ў Беларусі прагучала на "Першым канале" 1 сакавіка. З абвяржэннямі выступілі тры беларускія ведамствы — Міністэрства аховы здароўя, Міністэрства інфармацыі і МЗС. 

Еўрарадыё зранку 3 сакавіка даслала ліст у Дырэкцыю інфармацыйных праграм "Першага канала" з просьбай удакладніць інфармацыю пра смерць ад каранавіруса і прынесці прабачэнні, калі інфармацыя непраўдзівая. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі