Вы тут

Расіяне наступаюць, захопленыя два пасёлка на Луганшчыне — 120-я раніца вайны

Пад абстрэламі знаходзяцца многія населеныя пункты Луганскай вобласці​  / @luhanskaVTSA

Расіяне захапілі два населеных пункта ў Луганскай вобласці. Гэта Ласкутоўка і Рай-Аляксандраўка. Але ўкраінскія вайскоўцы працягваюць "стрымліваць расіян у Севераданецку і Сіроціна, адбіваем атакі ад Залатога і Ваўчаяраўкі", піша раніцай у чацвер кіраўнік Луганскай вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Некалькі разоў цягам 22 чэрвеня быў абстраляны Лісічанск. "За дзень маем траіх параненых, якіх шпіталізавалі ў бальніцы Краматорска і Паўлаграда", — кажа Гайдай.

Паводле ацэнкі экспертаў амерыканскага Інстытута вывучэння вайны, расійскія войскі маюць поспех на поўдні ад Лісічанска і, верагодна, дасягнуць горада ў бліжэйшыя дні. Але хутка захапіць раён Севераданецк-Лісічанск ім наўрад ці ўдасца.

Расіяне наступаюць і ў напрамку Славянска. Тут яны таксама дамагліся нязначных поспехаў. Эксперты Інстытута спасылаюцца на мэра Славянска Вадзіма Ляха. Ён казаў, што расійскія войскі абстралялі адзін з мікрараёнаў горада. Гэта стала першым прамым нападам на Славянск з пачатку чэрвеня.

Акрамя таго, расійскія войскі актывізавалі намаганні па перакрыцці дарогі Бахмут-Лісічанск. Не выключана, што ёсць у іх поспехі і на поўдні — у Мікалаеўскай вобласці, гаворыцца ў свежай справаздачы Інстытута вывучэння вайны. Амерыканскія экспэрты прыводзяць звесткі аднаго з расійскіх Telegram-каналаў, які сцвярджаў, што расійскія войскі ўзялі пад кантроль Навапетроўку, Бурханаўку і Калінаўку, тры населеныя пункты недалёка ад мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей. Прэс-сакратар Міністэрства абароны Украіны Аляксандр Матузянік таксама казаў, што на мяжы абласцей знаходзіцца некалькі расійскіх падраздзяленняў, якія спрабуюць прадухіліць украінскія контратакі ў кірунку Херсона.

Карта кантраляваных тэрыторый па стане на 22 чэрвеня 2022 года / understandingwar.org

Беларускае войска размяшчае ў памежных з Украінай раёнах драўляныя муляжы танкаў, каб пазначыць сваю прысутнасць там. Пра гэта таксама напярэдадні казаў Аляксандр Матузянік. Паводле яго слоў, беларускія падраздзяленні (да сямі батальёнаў) працягваюць выконваць задачы па ўзмацненні мяжы ў Брэсцкай і Гомельскай абласцях. Іх намаганні сканцэнтраваны на вядзенні разведкі, інжынерным абсталяванні пазіцый і ахове мяжы. Прычым да дзяжурства прыцягнутыя і салдаты тэрміновай службы. Пагроза нанясення ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі па Украіне захоўваецца, адзначыў спікер украінскага Мінабароны.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі напярэдадні правёў тэлефонныя перамовы з лідарамі 11 краін. Размаўляў, у тым ліку, з прэзідэнтам Літвы Гітанасам Навуседам. Абмяркоўвалі пагрозы Расіі ў дачыненні да Вільні. Па словах Зяленскага, ён выказаў калегу "поўную падтрымку". Зяленскі мае намер працягнуць зносіны з лідарамі еўрапейскіх краін, каб максімальна падтрымаць Украіну.

Канцлер Германіі Олаф Шольц не бачыць на дадзены момант перспектыў для мірных перамоваў паміж Украінай і Расійскай Федэрацыяй. І вінаваты ў такой сітуацыі расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін. Аб гэтым піша Deutschlandfunk. Шольц таксама заявіў, што Германія пашырыць прысутнасць у Балтыйскім рэгіёне, каб "абараняць кожны квадратны метр тэрыторыі альянсу" ў сувязі з цяперашнім палітычным крызісам.

Лідары G7 і NATO маюць намер узмацніць ціск на Расію, пра гэта распавядае Reuters. Яшчэ адной тэмай, акрамя агрэсіі Расіі, стане пазіцыя Кітая.

"Вайна Расіі супраць Украіны актывізавала нашы партнёрскія адносіны ва ўсім свеце. Аднак гэта не значыць, што Украіна прымушае нас адводзіць погляд ад Кітая. На самай справе, як раз наадварот", — паведаміла Reuters адзна з крыніц

Саміт G7 пройдзе 26-28 чэрвеня ў Мюнхене, пасля яго ў Мадрыдзе адбудзецца саміт лідараў краін NATO. Мяркуецца, што на абедзвюх сустрэчах выступіць Уладзімір Зяленскі (онлайн).

Ва Украіне, тым часам, запрацавала карта разбурэнняў. Яна павінна дапамагчы пры зборы сродкаў на аднаўленне разбураных дамоў. Кожны аб'ект змяшчае фота да і пасля абстрэлаў. Аўтары праекта кажуць, што ўносіць інфармацыю аб разбурэннях можа кожны жадаючы.

Кожны аб'ект змяшчае фота да і пасля абстрэлаў / reukraine.shtab.net

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.