Радзівонаў хоча ў Лігу чэмпіёнаў, а Варашкевіч — адсвяткаваць 25-годдзе “Крамы”

Радзівонаў хоча ў Лігу чэмпіёнаў, а Варашкевіч — адсвяткаваць 25-годдзе “Крамы”

Развітваючыся з годам адыходзячым, мы ўсе нечага чакаем ад года наступнага. На што спадзяюцца і разлічваюць вядомыя беларусы?

Лідар легендарнага гурта “Крама” Ігар Варашкевіч прызнаецца, што чаканняў ад наступнага года ў яго няшмат.

Ігар Варашкевіч: “Калі казаць пра чаканні, якія тычацца асабіста мяне, то іх два: нарэшце завяршыць рамонт у кватэры і добрым канцэртам адсвяткаваць 25-годдзе “Крамы”. Каб у нас атрымаўся добры, вясёлы і шматлюдны канцэрт. Калі казаць глабальна, то я жадаю ўсім у наступным годзе, як любілі казаць у савецкія часы, “міру — мір”. Банальна, але сёння, на жаль, гэта вельмі актуальна. Ну і чакаю, што людзі стануць дабрэйшымі адно да аднаго”.

                                                         Ігар Варашкевіч

Вядомага беларускага тай-баксёра, удзельніка гурта Brutto Віталя Гуркова ў апошні дзень 2015 года мы знаходзім на трэніроўцы. Ніякіх чаканняў менавіта ад 2016 года ў яго няма. Затое ёсць чаканні ад самога сябе.

Віталь Гуркоў: “Я чакаю, што не ўсё ў мяне яшчэ скончана са спортам. І вось ужо ў наступным месяцы буду на зборах у Стакгольме. А ўсім беларусам у наступным годзе я жадаю моцы і сваіх уласных перамог”.

              Віталь Гуркоў

Галоўныя чаканні ад новага года ў футбаліста Віталя Радзівонава, безумоўна, звязаныя з яго клубам БАТЭ, з якім ён 30 снежня працягнуў кантракт.

“Хочацца ў плэй-оф Лігі Чэмпіёнаў трапіць. Гэта, натуральна, вышыня неймаверная, але задачы хочацца ставіць хай і завышаныя, але тыя, якія будуць цябе да нечага матываваць. Тады і імкнуцца будзеш да нечага больш значнага. Таму, калі мы трапім у “лігачэмпіёнскую вясну”, гэта будзе надзвычай крута!”

                                                  Віталь Радзівонаў

Таксама форвард чакае, што ў наступным годзе нашу краіну не будзе накрываць рознымі эканамічнымі крызісамі, а ў беларусаў будзе годны ўзровень жыцця. Ну, і што ніякія войны нас не толькі не закрануць, але іх увогуле стане як мага менш у свеце.

А вось эканаміст Сяргей Чалы здзіўляе: сярод яго чаканняў няма нічога, звязанага, да прыкладу, з курсам долара, крэдытамі ды іншымі тарыфамі. Ён чакае перамогі над сабой ад… кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі!

Сяргей Чалы: “Усе, апроч Лукашэнкі, прыкладна ўяўляюць у якім стане знаходзіцца эканоміка, у якім стане краіна. І што, адпаведна, з гэтым трэба рабіць. Застаўся толькі адзін апошні непарушны бастыён, які лічыць, што ўсё добра, нічога рабіць не трэба, у нас была вялікая эпоха, а тут нейкія нягоднікі хочуць усё парушыць. Не ведаю, якім чынам змены ў галаве гэтага чалавека могуць адбыцца — спадзяванне на цуд. Чакаю, што і там раптоўна ўсведамленне прыйдзе”.

                                                 Сяргей Чалы

У сенатара Ігара Марзалюка чаканні ад 2016 года глабальныя. Як у агульнанацыянальным, так і ў рэгіянальным маштабе. Калі казаць пра нацыянальны маштаб, то мы будзем ісці дарогай, якую акрэслілі ў 1991 годзе — “будзе краіна, будзе нацыя, будзе суверэнны, самадастатковы беларускі народ”. Але ёсць і сціплейшыя чаканні.

Ігар Марзалюк: “Будзем ператвараць Мсціслаў у турыстычную Мекку Беларусі — будзем аднаўляць, адраджаць, рэстаўраваць горад. І завершым першую фазу рэстаўрацыі да кастрычніка-лістапада 2016 года. Запрашаю на магілёўскія абласныя “Дажынкі” — паглядзіце, у што мы ператворым замак, у што мы ператворым найважнейшыя помнікі!”

                                         Ігар Марзалюк

Дзеліцца сваімі чаканнямі і экс-кандыдат у прэзідэнты Мікола Статкевіч:

“Такое чаканне ад наступнага года, каб як мага больш беларусаў зразумелі, што нас завялі ў тупік і каб яны пачалі выяўляць неяк сваю пазіцыю — публічна выяўляць, дэманструючы, што яны, наш народ, наша краіна, заслугоўваюць лепшага. Павінна нешта змяніцца!”

Ёсць і яшчэ адно чаканне ад 2016 года ў Міколы Статкевіча — знешнепалітычнае. Праўда, палітык шчыра прызнаецца, што мець такое чаканне яму самому не вельмі падабаецца, але інтарэсы краіны, якую кіраўніцтва “прывязала” да Расіі, важнейшыя. Асабліва ва ўмовах нашага памкнення рухацца ў бок Еўропы.

“І зараз мы мусім чакаць такіх падзей у Расіі і вакол Расіі, якія б зрабілі малаімаверным умяшальніцтва расійскага кіраўніцтва ў нашы справы, калі мы раптам паспрабуем здабыць сабе свабоду”.

                                 Мікола Статкевіч

Адначасова ўсе суразмоўцы Еўрарадыё жадаюць беларусам ажыццяўлення планаў кожнага з нас. І Еўрарадыё далучаецца да гэтага віншавання.

Фота Змітра Лукашука, з архіва Ігара Варашкевіча, Віталя Гурковаwww.ctv.bywww.football.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі