Прэс-служба Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі: Баскі змагаюцца за свабоду

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі наладжвае сувязі з краінай Баскаў, якой пакуль няма на палітычнай мапе свету (яна ўваходзіць у склад Іспаніі). Пра гэта сведчыць прэс-рэліз ФПБ ад 3 верасня, у якім паведамляецца пра візіт у Беларусь сябраў дэлегацыі Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў. Старшыня Федэрацыі Леанід Козік сустрэўся не толькі з прадстаўнікамі Аўстрыі, Кіпра і Іспаніі, але і краіны Баскаў.
Еўрарадыё патэлефанавала ў прэс-службу ФПБ, каб спраўдзіць, ці няма тут памылкі. Вось што кажа прэс-сакратар Вольга:

"Мы ўсе выдатна разумеем, што такой краіны няма, але тым не менш прыехаў чалавек, які яе прадстаўляе. Яны ж знаходзяцца на тэрыторыі Іспаніі і лічаць сябе свабоднай краінай, хоць і непрызнанай". 

Прэс-сакратар сцвярджае, што ніякіх непаразуменняў паміж прадстаўнікамі Іспаніі і краіны Баскаў падчас іх знаходжання ў Мінску не было:

"Ніякіх між імі рознагалоссяў не было. Яны ж не прадстаўляюць нейкія палітычныя інтарэсы, а прадстаўляюць інтарэсы працоўных, сябраў прафсаюза".


Адзначым, што сябры дэлегацыі Еўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусветнай федэрацыі прафсаюзаў будуць знаходзіцца ў нашай краіне да 6 верасня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі