Правілы выбараў. Дзяржава сама падштурхоўвае беларусаў да байкоту

Пратэсты ў Мінску / Еўрарадыё
Пратэсты ў Мінску / Еўрарадыё

Кожны раз, калі ў Беларусі праходзяць выбары, я стараюся прыйсці на выбарчы ўчастак за 10 хвілін да закрыцця. І амаль заўсёды — адна і тая карціна: я першы з дзясятка сваіх суседзяў, хто распісваецца за атрыманне бюлетэня.

Астатнія проста не прыйшлі.

Наогул, байкот выбараў уладам не выгадны. Чым больш яўная розніца паміж "рэальнай" і "палічанай" яўкай, тым горш. Але ўмовамі, у якія "вертыкаль" паставіла выбаршчыкаў, яна сама падштурхоўвае іх да таго, каб у дзень выбараў застацца на канапе. Зараз растлумачу як.

Вось прыклад: сітуацыя з "Сумленнымі людзьмі"

Амаль тры тысячы грамадзян Беларусі вылучаюцца ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. Яны хочуць лічыць галасы самі, каб паменшыць імавернасць фальсіфікацый. Але ўлады нават асабліва не патурбаваліся пра тое, каб стварыць бачнасць, што гэтая грамадзянская актыўнасць кагосьці цікавіць. Абмеркаванне кандыдатур і галасаванне праходзіць абсалютна фармальна: зачыталі характарыстыкі, паднялі рукі.

У выніку амаль усім "Сумленным людзям" паказваюць на дзверы. А ў выбарчыя камісіі набіраюць тых жа "правераных" людзей, што і год, і два гады таму. Таму што могуць.

А гісторыя з забракаванымі подпісамі?

Тысячы выбаршчыкаў просяць праверыць, ці ўлічаныя іх подпісы за вылучэнне альтэрнатыўных кандыдатаў у прэзідэнты. Людзі хочуць ведаць: а раптам у ліку сотняў тысяч забракаваных "графолагамі" з Дзяржкамітэта судовых экспертыз подпісаў па памылцы апынуліся менавіта іх подпісы, пакінутыя па ўсіх правілах?

Дзе там. Чыноўнікі пачынаюць штампаваць аднатыпныя адказы: "Выбарчае заканадаўства не прадугледжвае працэдуры пераправеркі подпісу выбаршчыка па яго патрабаванні, выдачы яму копій матэрыялаў па праверцы подпісаў і індывідуальнага або групавога абскарджвання выбаршчыкамі вынікаў праверак у судовым парадку".

Правила выборов. Государство само подталкивает белорусов к бойкоту

Перакладаю з чыноўніцкай на чалавечую: мы робім што хочам і маем права нічога вам не тлумачыць. Ды мы вам наогул нічога не вінныя.

Па сутнасці, тая ж сітуацыя з вулічнымі пратэстамі

Улады не стамляюцца паўтараць, што ў Беларусі ніхто нікому не забараняе пратэставаць. Але пратэставаць трэба, выконваючы законы. Толькі вось прынятыя гэтымі ж уладамі законы заганяюць пратэст у такія рамкі, што ён губляе ўсялякі сэнс.

Напрыклад, у Мінску ёсць усяго шэсць месцаў, дзе масавыя мерапрыемствы можна праводзіць па паведамляльным прынцыпе. Усе яны далёка ад цэнтра горада. Імавернасць, што вам узгодняць мітынг дзесьці ў цэнтры, імкнецца да нуля.

 

Хочаце, каб ваш пратэст заўважылі, і ідзяце на цэнтральныя праспекты? Не здзіўляйцеся, што яго заўважыць і АМАП. Ну а што? Гэта ж закон парушаецца! Міністр унутраных спраў Юрый Караеў называе дзеянні сваіх падначаленых "ласкавым выштурхоўваннем". На справе гэта разгон з жорсткімі затрыманнямі. А потым — суды, штрафы і суткі адміністрацыйнага арышту.

У судзе затрыманыя нічога не могуць даказаць, нават калі момант запіхвання ў аўтазак трапіў на відэа. Для беларускага суддзі іх словы a priori маюць меншую вагу, чым паказанні супрацоўнікаў міліцыі. А ў хадайніцтве аб далучэнні відэа да матэрыялаў справы можна папросту адмовіць. І ўсё гэта — па законе.

Наступны этап, на якім улады згуляюць з народам па сваіх правілах, — гэта назіранне за выбарамі

Назіральнікі — фактычна апошняя надзея альтэрнатыўных кандыдатаў атрымаць хоць нейкі кантроль за выбарчым працэсам. Але назіраць, як і пратэставаць, трэба па правілах, інакш — бывай, акрэдытацыя. А правілы, шчыра скажам, няпростыя.

Калі хтосьці з назіральнікаў супраць таго, каб іншыя назіральнікі вялі на ўчастку фота- і відэаздымку, — ім могуць гэта забараніць.

Калі назіральнік фіксуе завышаную яўку — ён "стварае напружаную абстаноўку".

Брэсцкі назіральнік Юрый Вашчанчук на парламенцкіх выбарах зняў на відэа дзяўчыну са стосам бюлетэняў у руках. Дзяўчына па парадзе старшыні камісіі ўцякла з участка. Здавалася б, парушэнне зафіксавана! Але скончылася ўсё тым, што хлопца пазбавілі акрэдытацыі назіральніка, а праз пару дзён Аляксандр Лукашэнка прылюдна назваў яго мудаком.

Айцішніцу Ганну Толчыкаву летась выштурхалі з выбарчага ўчастка за тое, што яна нагадвала сябрам участковай камісіі пра крымінальную адказнасць за фальсіфікацыю выбараў. Гэтага таксама рабіць нельга!

А быў і такі прэцэдэнт: старшыня камісіі выклікала міліцыю і папрасіла забраць назіральніка, заявіўшы, што ён п'яны. Экспертыза паказала, што хлопец цвярозы. Але справа была зроблена — участак застаўся без назірання.

"Правілы назірання" ператвараюць назіральнікаў на ўчастках у статыстаў. Вы спадзеяцеся, што сёлета дзяржава павядзе сябе па-іншаму? Дазвольце спытаць у вас: а ў якой сітуацыі дзяржава павяла сябе неяк па-іншаму да гэтага?

Кола сансары

Такім чынам, законы ў Беларусі максімальна нязручныя для актыўнага ўдзелу грамадзян у выбарчым працэсе. Яны проста заточаныя пад тое, каб усё ішло па накатанай. І для пратэстаў законы таксама не падыходзяць. А дзе-нідзе і не пакідаюць магчымасці апратэставаць рашэнні ўладаў.

Удзельнічаць у выбарах па такіх правілах проста нецікава. Ну праўда, які сэнс? Уночы на 10 жніўня ЦВК проста назаве нейкія лічбы. Тлумачыць зноў ніхто нічога не будзе. А злавіць за руку на парушэннях, дзейнічаючы па ўстаноўленых уладамі правілах, немагчыма.

Кола сансары робіць чарговы абарот. Грамадства, якое паспрабавала было вырвацца з яго, вяртаецца ў маркотнае перадвыбарчае здранцвенне.

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі