Вы тут

Праваабаронцы прызналі палітвязнем экс-вядоўцу БТ Дзмітрыя Лукшу

Дзмітрый Лукша /  instagram.com/lukshadm

Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі 11 чалавек. Гэта — Алена Балтрукова, Ілля Вайцяховіч, Дар’я Верамейчык, Дзяніс Карэйа-Ландзім, Іван Куляшоў, Андрэй Лакцевіч, Дзмітрый Лукша, Дар’я Ляўко, Уладзіслаў Навіцкі, Іван Чарнаморчанка і Іна Шырокая. Іх справы лічаць палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення.

Сярод новых палітвязняў — былы вядоўца праграмы “Зона X” на БТ Лукша, які ўжо больш за два месяцы знаходзіцца за кратамі. Яго абвінавачваюць у "арганізацыі альбо актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак" і ў "дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь". Дзмітрый Лукша працаваў пазаштатным карэспандэнтам казахстанскага тэлеканала “Хабар 24” і прэтэнзіі ўзніклі да аднаго з сюжэтаў.

Сярод палітвязняў і Вайцяховіч, які прыехаў у Беларусь на пахаванне бацькі з Латвіі, але быў затрыманы і асуджаны на 2 гады калоніі.

Іншыя таксама праходзяць па артыкуле "Групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак".

Агулам у нашай краіне налічваецца 1203 палітвязня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.