Вы тут

Прафсаюз або ліквідацыя? МАП раскрытыкавала ўльтыматум ад Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка / Reuters

Аляксандр Лукашэнка на мінулым тыдні паставіў ультыматум: або на ўсіх без выключэння арганізацыях — нават прыватных — будуць створаныя прафсаюзы, або гэтыя арганізацыі будуць ліквідаваныя.

Гэты гучны ўльтыматум спецыяльна для Еўрарадыё пракаментавалі ў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

Па-першае, там нагадалі, што Беларусь ратыфікавала Канвенцыю аб свабодзе аб'яднанняў і абароне права аб'ядноўвацца ў прафсаюзы. Гэты дакумент, які з'яўляецца адным з асноўных у міжнародным праве, абараняе правы працоўных ствараць прафсаюзы і ўступаць у іх на свой выбар.

— Асноўная мэта Канвенцыі заключаецца ў абароне аўтаноміі і незалежнасці прафсаюзаў і працадаўцаў у адносінах да дзяржаўных органаў як пры іх стварэнні, так і пры іх функцыянаванні і роспуску, — тлумачаць у МАП.

У арганізацыі нагадваюць, што гэта ж Канвенцыя заклікае да бесстаронняга стаўлення ўладаў да ўсіх прафсаюзаў, нават калі яны крытыкуюць палітыку кіраўніцтва краіны.

— Публічныя заявы высокапастаўленых прадстаўнікоў уладаў, у якіх аднаму прафсаюзу аддаецца большая перавага, чым іншаму, ці нават выкарыстанне сваіх паўнамоцтваў для стварэння прафсаюзаў у рамках ужо абазначанай Федэрацыі прафсаюзаў падарве фундаментальнае права працоўных свабодна выбіраць арганізацыю, якая павінна абараняць іх правы, — дадаюць у МАП.

У Міжнароднай арганізацыі працы адзначаюць, што ў 1952-м была прынятая рэзалюцыя аб незалежнасці прафсаюзнага руху.

Згодна з гэтым дакументам, урад павінен усведамляць каштоўнасць супрацоўніцтва прафсаюзаў і ўладаў і прызнаваць важнасць свабоды і незалежнасці прафсаюзнага руху "як важнага фактару, які спрыяе сацыяльнаму прагрэсу". Дадалі ў МАП і тое, што ўлады "не павінны спрабаваць ператварыць прафсаюзны рух у інструмент для дасягнення палітычных мэт, а таксама не павінны спрабаваць умешвацца ў функцыянаванне прафсаюзнага руху".

Сёння гэта рэзалюцыя застаецца кіраўнічым прынцыпам для ўсіх краін — удзельніц МАП, у тым ліку і Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.