Польшча ўводзіць бясплатныя візы для беларусаў

Да санкцый могуць далучыцца і іншыя краіны Еўрасаюза.
Міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі пастанавіў, што ад 1 студзеня 2011 года здымаюцца аплаты за разгляд і выдачу нацыянальных польскіх візаў для грамадзянаў Беларусі . 

Адначасова будуць уведзеныя візавыя санкцыі для тых беларускіх грамадзянаў, якія бралі ўдзел у фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і рэпрэсіях супраць кандыдатаў, удзельнкіаў акцыі 19 снежня, прадстаўнікоў палітычных партый, СМІ і грамадзянскай супольнасці. 

“Гэта выраз салідарнасці і глыбокай павагі да беларускага народу, які падчас выбараў 19 снежня выслаў моцны сігнал падтрымкі дэмакратычных інстытутаў. Мы хочам дапамагчы нашым суседзям ва ўзмацненні еўрапейскай самасвядомасці з дапамогай часцейшых кантактаў з палякамі і іншымі грамадзянамі Езрасаюзу, – гаворыцца ў паведамленні МЗС. – Адначасова мы пакідаем за сабой права на крокі, якія перашкодзяць ўезду на тэрыторыю Польшчы чыноўнікаў і грамадзянаў Рэспублікі Беларусі, адказных за арганізацыю хвалі рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці з 19 снежня 2010 года". 

Кошт нацыянальнай візы складаў 20 еўра. З 2010 года ў трох консульствах – у Мінску, Брэсце, Гродне беларусам выдалі 172,5 тысячы віз.

Адзначым, што нацыянальныя візы выдаюцца, калі неабходна быць на тэрыторыі Польшчы больш за 90 дзён цягам паўгоддзя. Па такой візе можна наведваць і іншыя краіны шэнгенскай зоны, але быць там не больш за 3 месяцы цягам паўгоддзя.

Візавыя санкцыі Польшчы могуць распаўсюдзіцца і на ўвесь Еўрасаюз


Еўрарадыё пагутарыла з прэс-сакратаром польскага МЗС Марцінам Басацкім (Marcin Bosacki) адразу пасля абвяшчэння рашэння МЗС пра адмены аплаты за нацыянальныя польскія візы для беларусаў.

Еўрарадыё: За якія візы здымаецца аплата? І супраць каго будуць уведзеныя візавыя санкцыі?

Марцін Басацкі: Рашэннем міністра замежных спраў Радаслава Сікорскага Польшча ад 1 студзеня скасоўвае аплаты за нацыянальныя візы, якія выдаюцца грамадзянам Беларусі ў консульствах у Мінску, Брэсце і Гродне. Прытым Польшча пакідае за сабой права не ўпускаць на сваю тэрыторыю тых беларускіх чыноўнікаў і прадстаўнікоў уладаў, якія адказныя за рэпрэсіі, што напаткалі беларускую грамадзянскую супольнасць ад 19 снежня і да гэтага моманту. 

Еўрарадыё: Ці польскі бок будзе дамагацца падобнага кроку ад Еўрасаюза?

Марцін Басацкі: Размовы пра гэта у Еўрасаюзе вядуцца. Як вы ведаеце, візавыя санкцыі былі прынятыя і замарожаныя ў дачыненні да пэўнай групы беларускіх афіцыйных асобаў. Я не буду папярэджваць рашэння Еўрасаюза, затое паведамлю, што калі хтосьці будзе ўнесены ў спіс непажаданых асобаў у адной з краін Еўрасаюзу, у гэтым выпадку ў Польшчы, то ў гэтым выпадку аўтаматычна гэта інфармацыя ўводзіцца ў Шэнгенскую сістэму, і консулы іншых краін Еўропы адразу бачаць, што гэтая асоба непажаданая ў адной з краін Еўрасаюза. І звычайна яны паступаюць падобным чынам. 

Еўрарадыё: Якім чынам Польшча будзе вызначаць асобаў, якія прычыніліся да рэпрэсій і фальсіфікацый?

Марцін Басацкі: Я не хацеў бы ўваходзіць у падрабязнасці польскіх чынавенскіх працэдур, аднак зазначу, што гэта не будзе спіс, які аўтаматычна ахопіць усіх высокіх чыноўнікаў у Беларусі. У іх аўтаматычна будуць упісвацца тыя асобы, якія бралі ўдзел у арганізацыі, правядзенні ці актыўнай падтрымцы той хвалі беспрэцэдэнтных рэпрэсій, з якой мы маем дачыненне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі