"І тут яна адпускае рукі". Беларуска выратавала дзяўчыну ад самагубства ў ЗША

Анастасія Гарбань

Анастасія Гарбань / фота з асабістага архіва суразмоўніцы Еўрарадыё

Беларуска Анастасія Горбань выйшла на прабежку ранкам 20 жніўня. Яна пабегла ў бок моста паміж Бруклінам і Квінсам. Тым жа ранкам іншая дзяўчына бегла ў бок таго моста, каб скончыць жыццё самагубствам.

 

“Я нават праз навушнікі пачула, як плакала гэтая дзяўчына”

Наста прачнулася ў сваёй нью-ёркскай кватэры пазней, чым звычайна. Прапускаць прабежку было нельга — набліжаўся марафон. Дзяўчына выйшла на вуліцу, але пабегла нязвыклым для сябе маршрутам.

— Чамусьці менавіта ў той дзень я вырашыла пабегаць па мастах, бо яны ўваходзяць у маршрут марафону, — расказвае нам Наста.

Ранак як ранак. Сёмая гадзіна, людзей на вуліцы яшчэ мала. Насустрач Насце бяжыць маладая дзяўчына ў слязах. Наста прабягае міма, але не вытрымлівае і спыняецца.

— Я пачула, як плача гэтая дзяўчына, хоць была ў навушніках. Вельмі моцна, вельмі гучна. Было зразумела, што з чалавекам дзеецца нешта не тое. Я вырашыла паназіраць за ёю.

Наста апісвае нам мост паміж двума раёнамі Нью-Ёрка — Бруклінам і Квінсам. У цэнтры — тэхнічная будоўля. За ёю і схавалася дзяўчына, якую заўважыла Наста. Цяпер далёка не з усіх частак моста яе можна было пабачыць.

"І тут яна адпускае рукі". Беларуска выратавала дзяўчыну ад самагубства ў ЗША
Анастасія Гарбань / фота з асабістага архіва суразмоўніцы Еўрарадыё

— Я пачала назіраць з досыць вялікай дыстанцыі — метраў 5-10. А потым пабачыла, што яна села на самы край, пераступіўшы праз невялічкую агароджу. Яна яшчэ трымалася за парэнчы рукамі, калі я падышла да яе, і працягвала плакаць. На яе тэлефоне грала вельмі сумная іспанская песня. У мяне было адчуванне, што яна мяне не бачыць, глядзіць наскрозь.

Наста разабрала фразы “Чаму я?” і “Мамачка, прабач”. Яна намагалася даведацца, што адбылося, але дзяўчына не адказвала і працягвала плакаць. І раптам адклала тэлефон, на якім працягвала граць музыка, і яшчэ раз паўтарыла: “Мамачка, прабач”.

— І тут яна адпускае рукі і падае ў бок ракі. Я падскокваю, хапаю за нагу — адзінае, што прыйшло мне ў галаву. І тут разумею: а што далей?

У мяне быў шок. Людзей вакол мала — раніца. Да таго ж, за той будоўляй нас увогуле можна не заўважыць. Прытым я разумею, што не магу крычаць. Усё маё цела нібыта сціснулася. Было адчуванне, што ўсе сілы, усё жыццё было ў той кропцы, дзе я трымала гэтую дзяўчыну за нагу. Не памятаю, колькі гэта цягнулася. Для мяне тыя хвіліны цягнуліся вельмі доўга. Я не ведала, што рабіць, проста трымала.

Праз некаторы час дзяўчына паспрабавала вырвацца. Тады ў Насты хапіла сілы, каб адзін раз крыкнуць: “Дапамажыце!” Да яе падскочыў хлопец — Наста і цяпер не ведае, кім ён быў. Хлопец схапіў дзяўчыну за другую нагу, і тады Наста нарэшце змагла крыху перавесці дыханне.

— Парэнчы перашкаджалі нам яе выцягнуць. Мы б справіліся, калі б яна дала нам руку, але дзяўчына не хацела гэтага рабіць.

Памятаю, што там, за ракой, у некалькіх кіламетрах ад нас спыніўся грузавік. З яго выйшаў мужчына. Ён гучна крычаў. Магчыма, гэта ён паклікаў паліцыю — тая прыехала досыць хутка. Для мяне гэта быў цуд. Я ўжо не чакала, што прыйдзе дапамога.

Паліцэйскія перахапілі дзяўчыну і змаглі выцягнуць яе. Ужо пасля яны расказалі Насце, што выратаваная ёю дзяўчына страціла дзіця — у яе быў выкідак. Яна была ў стане глыбокай дэпрэсіі. Цяпер яна ў бяспецы.

— Паліцэйскія ўзялі мае дадзеныя, спыталі, ці ўсё добра са мной — а я таксама была не ў вельмі добрым стане і не зусім разумела, што адбываецца. Трэсліся рукі. Але, пагаварыўшы з сяржантам, я трохі супакоіліся. У Нью-Ёрку паліцэйскія вельмі спакойныя: яны гавораць спакойнымі галасамі, усё робяць па пратаколу, бачна, што ў іх ёсць працэдура.

Ужо пераказаўшы нам падзеі таго дня, Наста кажа:

— Я не памятаю, наколькі яна была цяжкая, не памятаю, ці доўга я яе трымала адна. Я абсалютна выпала з жыцця. Але я дастаткова безэмацыйна ўспрымаю гэты выпадак — я расказала вам гэтую гісторыю, нібыта гаварыла пра кагосьці іншага. Нібыта гэта частка фільма, які я паглядзела. Напэўна, гэта спосаб арганізма справіцца са стрэсам.

 

“Я не ведаю, як здолела ўтрымаць. Напэўна, гэта быў афект”

Увесь той дзень Наста пражыла “на адрэналіне”. Яе псіхолаг лічыць — у афекце.

Мы пытаемся ў Насты, якім спортам яна займалася, што змагла ўтрымаць дзяўчыну, а Наста кажа: дапамог нават не спорт, а той самы стан афекту.

— Я займаюся ў зале досыць даўно. І цяпер, калі рыхтуюся да марафону, працягваю займацца ў зале, гэта частка маёй падрыхтоўкі. Але не, я сама не разумею, як вытрымала. Я не ведаю.

Толькі памятаю, што мне было не вельмі страшна, бо перада мною былі парэнчы, а значыць, я не скачуся ўніз, змагу абаперціся аб іх, таму смела і моцна яе трымала.

Пасля ўвесь той дзень штосьці білася ў скронях, кажа Наста.

— Ведаеце, такі стан, як выпіць 5 кубкаў кавы. Трэба было разгрузіцца, і я пасля яшчэ доўга бегала па горадзе, — расказвае Наста.

Пасля яна паспрабавала пераключыцца на простыя побытавыя дзеянні — сустрэла сяброўку, што прылятала з вакацый. Пра здарэнне расказала толькі ёй і сваякам.

А праз некаторы час Наста атрымала смс ад дэтэктыва паліцыі.

— Калі атрымліваеш смс ад паліцыі, твая першая рэакцыя — дакладна не радасць. У мяне была лёгкая паніка. Але аказалася, што мяне запрашаюць на мерапрыемства, каб узнагародзіць.

"І тут яна адпускае рукі". Беларуска выратавала дзяўчыну ад самагубства ў ЗША
Цырымонія ўзнагароджання / фота з асабістага архіва суразмоўніцы Еўрарадыё

Паліцэйскія паглядзелі відэазапіс таго, што здарылася на мосце — і былі ўражаныя ўчынкам Насты. Напярэдадні ўзнагароджання Наста хвалявалася, але яшчэ да пачатку мерапрыемства пагутарыла з капітанам паліцэйскага ўчастка. Гэтая размова яе падбадзёрыла.

— Ён доўга дзякаваў мне і казаў, як важна не закрывацца ад іншых людзей, дапамагаць ім і не праходзіць міма. А мне гэта адгукалася. Я звыклася, што ў Беларусі мы доўгі час жылі за закрытымі дзвярыма. А тут, у Амерыцы — такі кантраст… Гэты выпадак быў пацвярджэннем таго, што трэба адчыняць дзверы і выходзіць да людзей. Размаўляць, дыскутаваць, дапамагаць. Ніхто з нас не ўмее правільна жыць, таму важна падтрымліваць адно аднаго.

 

“Сёння было больш віншаванняў, чым у дзень народзінаў”

Пасля таго, як Насту ўзнагародзілі ў паліцэйскім участку, пра здарэнне даведалася і беларуская дыяспара ў Штатах.

— Яны запосцілі ў групу ў фэйсбуку — і сёння зранку я атрымала больш паведамленняў, чым на дзень народзінаў, — смяецца Наста. — Гэта было вельмі прыемна.

Ці хоча Наста атрымаць паведамленне ад той дзяўчыны, якую выратавала, пагутарыць з ёю? Яна не ведае.

— Мне яшчэ патрэбны час, каб гэта ўсё пераабдумаць. Яшчэ намагаюся разабрацца, што мне гэта дало эмацыйна, якія высновы я магу зрабіць. Патэнцыйна ў будучыні — так, я б хацела з ёй сустрэцца. Але наўпрост цяпер, думаю, ёй будзе не вельмі прыемна гэта ўсё ўспамінаць.

Што б я сказала ёй тады, на мосце, калі б яна магла мяне пачуць? Напэўна, я хацела б сказаць, што дрэнныя моманты нашага жыцця не застаюцца з намі назаўжды. І, пайшоўшы з жыцця, мы пазбаўляем сябе шансу даведацца пра ўсё тое добрае, што магло б адбыцца далей.

Наста кажа, што суіцыды ў Нью-Ёрку нячастыя. Тут добра развітая культура зваротаў да спецыялістаў. Калі ў нью-ёркца баліць зуб — ён ідзе да стаматолага. Калі яму патрэбная псіхалагічная дапамога — ён ідзе да адпаведнага доктара.

— Калі я езджу ў метро на працу, бачу шмат рэкламы ліній псіхалагічнай падтрымкі. У тым ліку ліній, якія разлічаныя на жыхароў асобных раёнаў, бо тут ёсць іспанамоўныя, ёсць рускамоўныя раёны. І перыядычна можна сустрэць аб’явы пра дапамогу канкрэтнай групе насельніцтва.

Тут нармальнае, спакойнае стаўленне да псіхатэрапіі — такое ж, як да іншых дактароў. І я радая бачыць, што і ў Беларусі сітуацыя змяняецца ў лепшы бок.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі