Першыя словы Наталлі Хершэ з волі: “Я чакаю, каб падняцца ў паветра”

Першыя словы Наталлі Хершэ з волі: “Я чакаю, каб падняцца ў паветра”

Наталля Хершэ, грамадзянка Швейцарыі і беларуская палітзняволеная, на свабодзе. У няволі яна правяла 17 месяцаў, а цяпер вяртаецца дамоў. 

Перад рэйсам яна дала кароткі каментар:

— Прыемныя пачуцці, прыемнае прадчуванне. Крыху хвалюючае. Даўно забытае пачуццё палёту ў самалёце. Я рада! Усім, хто перажываў за мяне, вялікі дзякуй!

Чаму Наталлю адпусцілі менавіта цяпер, па словах яе брата Генадзя Касьяна, невядома. 

— Наталля не пісала прашэння аб памілаванні, — удакладняе ён. — Яна ніколі не зверне з таго шляху, на які стала. Раз яна сказала, што будзе ісці да канца, значыць так. Маё меркаванне такое, што ўсё гэта зроблена на самым вышэйшым узроўні. Подпіс аднаго чалавека ў адным загадзе зрабіў сваю працу. Хутка і якасна. Вялікія намаганні прыклаў да гэтага цяперашні прэзідэнт Швейцарыі Іньяцыа Касіс, які мае ўласныя зносіны з нашым прэзідэнтам. 

Пра тое, як ён даведаўся, што сястра на волі, Генадзь кажа, што навіна звалілася “як снег на галаву”. 

— Я ведаў прыкладна за тыдзень, што мяне запрашаюць у амбасаду. Яшчэ ўчора звязалася сакратарка, абмеркавалі час пасля абеду. Сказалі, у 8.30 я павінен быць з пашпартамі. Ну, сказалі ўзяць пашпарты, ну і сказалі. Можа, у мэтах бяспекі хочуць, каб яе пашпарт [Наталлі] захоўваўся ў амбасадзе, — расказвае суразмоўца. — Прыехаў, мне адчыняюць дзверы і кажуць: “Віншуем вас, Генадзь! Наталлю вызвалілі! Праз 15 хвілін едзем у аэрапорт, праводзіць яе ў Швейцарыю”. Я ад гэтай навіны быў, канешне, у шоку. Слёзы на вачах! 

Хутка сабраліся. Кіроўца на амбасадаўскай службовай машыне з дыпламатычнымі нумарамі вёз. Паехалі учацвярых: кіроўца, я, Крысціна Хонагер і сакратарка. Мы пад’ехалі да VIP-залы аэрапорта, там стаялі мерседесы з дзяржаўнымі нумарамі. Мінавіта гэта было звязана з адпраўкай Лукашэнкі ў Маскву. Да нас падышлі супрацоўнікі, сілавікі, паказалі, куды праходзіць, правялі ў залу чакання. І там я ўбачыў Наталлю. 

Яна ў турэмнай робе была. Турэмны пінжачок, штанцы такія колеру хакі. Мяне здзівіла яе худзізна, яна кідаецца ў вочы. 

Можа, якіх 49-50 кілаграмаў, не болей. Шэры колер скуры. Выглядае як пасля Асвенціма. Вельмі відаць, што ёй не хапае вітамінаў. 

Але радавала тое, што яна не згубіла сілу духу — усміхалася. Расплакаліся. Слёзы пацяклі ў абаіх. Абдымаліся. Потом сталі размаўляць і яна прыйшла ў нармальны настрой. Гаварыла троху з гумарам, з аптымізмам. Сказала, што, калі б усё адматаць назад, яна б паступіла гэтаксама.  

Размаўлялі пра тое, што ёй не аддалі ніякіх яе запісаў, дзённікаў, малюнкаў. Тыя, што яна вяла ў магілёўскай турме запісы, таксама не далі. Усё, што датычыцца інфармацыі, забраць не дазволілі, нават лісты. Яе гэта засмуціла троху. Але яна кажа, што ўсё пастараецца ўзнавіць у памяці.

Наталлі не аддалі і тэлефон, ён арыштаваны да гэтага часу. Не аддалі гадзіннік.

— Я думаю, што ўжо потым спаганю гэта з іх. Бо маральная шкода 1000 рублёў ужо заплачана, — кажа Генадзь. — Але ў яе быў вельмі вялікі скарб, які ледзь змясціўся ў багажніку службовага аўто. Яна пакінула яго мне, бо ёй цяпер гэта не патрэбна. Там адзенне з турмы, нейкія кантэйнеры. Я добра не разглядзеў. 

Спытаў, ці ўжывалася супраць яе фізічная сіла. Яна адказала “не”. 

Першае, што Наталля сказала: ”Я чакаю, каб падняцца ў паветра”. Яна забылася, што такое пачуццё свабоды, асабліва калі падняцца ў паветра над гэтым зямным шарыкам. 

Я ёй перадаў, што 30% насельніцтва Беларусі цяпер ведае, хто такая Наталля Хершэ. Яна здзівілася. Сказала: “Адзінае, што я хацела зрабіць, яшчэ перад затрыманнем, калі прыязджала ў Беларусь, — знайсці як мага болей сяброў у Мінску. А цяпер, Генадзь, значыць, я ў гэтым не маю ніякай патрэбы”. 

Па словах брата, фізічна Наталля адчувае сябе добра. Кожны дзень у часе прагулак яна займалася фізічнымі практыкаваннямі. 

— Потым яе суправадзілі ў прыбіральню, каб яна пераапранулася. Наталля надзела джынсікі і кофтачку, прыбрала валосікі, крыху падфарбавалася. Нам прапанавалі пасля гарбату, каву, цукеркі прынеслі, — працягвае Генадзь. — Яна паляціць у Стамбул. Там будзе перасадка. Яе сустрэне швейцарскі консул, суправодзіць на рэйс у Цюрых. І там ужо, у Цюрыху, у 17:10 па еўрапейскім часе яе будуць чакаць і дзяржаўныя асобы, і сваякі — дачка, сын, — і сродкі масавай інфармацыі. Наталля дала згоду, каб гэта ўсё здымалася для эфіру. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі