Павесткі ў ваенкамат — па смс, кантрактнікі — зэкі: новы закон Лукашэнкі

Беларускія салдаты падчас параду / AFP

Беларускія салдаты падчас параду / AFP / AFP

З 7 красавіка павесткі ў ваенкамат будуць прыходзіць і па смс. Адпаведны закон надоечы падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго смс-ка стане аналагам папяровай павесткі падчас мабілізацыі, а ў мірны час — дадатковай крыніцай апавяшчэння.

Акрамя таго сотавыя аператары будуць абавязаныя прадастаўляць ваенкаматам і КДБ нумары тэлефонаў грамадзян, якія падлягаюць прызыву, і праводзіць смс-рассылкі па спісах ад ведамстваў. Факту адпраўкі будзе дастаткова, каб паведамленне лічылася юрыдычна дастаўленым адрасату.

Закон "Аб змене законаў па пытаннях забеспячэння нацыянальнай бяспекі" змяшчае яшчэ некалькі важных момантаў, якія датычацца службы ў арміі і мабілізацыі.

Напрыклад, на вайсковы ўлік маладых людзей будуць ставіць не з 16, а з 17 гадоў. За нез'яўленне ў ваенкамат і ўхіленне ад войска мужчынам пагражае не два, а тры гады пазбаўлення волі ці "хіміі". Альбо штраф, які вырасце ў некалькі разоў.

Акрамя таго, ваенкамы маюць права абмяжоўваць выезд з Беларусі грамадзян, якія "парушаюць абавязкі па воінскім уліку і ўхіляюцца ад мерапрыемстваў прызыву на воінскую службу". Гэта датычыцца не толькі ўхілістаў ад тэрміновай службы і службы ў рэзерве, але і тых, хто не хоча ўдзельнічаць у вайсковых і спецыяльных зборах.

Кантрактнікамі цяпер могуць быць людзі любога ўзросту, у тым ліку і тыя, хто знаходзіцца пад следствам ці адбывае пакаранне ў калоніі. Рашэнне пра прызыў у войска гэтай катэгорыі грамадзян будзе прымаць Лукашэнка. І толькі ў выпадку, калі ўзнікне неабходнасць "забеспячэння інтарэсаў абароны і нацыянальнай бяспекі".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі