Павел Усаў: “Мабілізацыя — гэта фактычна вынішчэнне беларусаў”

У выпадку мабілізацыі беларусы трапяць у саюзнае войска / Міністэрства абароны
У выпадку мабілізацыі беларусы трапяць у саюзнае войска / Міністэрства абароны

Пасля рэферэндуму аб далучэнні ўкраінскіх тэрыторый да Расіі рэзка павялічыцца імавернасць таго, што Лукашэнка аб’явіць мабілізацыю ў Беларусі. Бо трэба будзе выконваць ваенныя абавязацельствы ў Саюзнай дзяржаве, кажа ў эфіры Еўрарадыё палітолаг Павел Усаў. Для беларусаў гэта будзе нацыянальнай катастрофай, а рэжым можа скарыстацца мабілізацыяй, каб даціснуць свядомых.

Як толькі частка Украіны будзе фармальна далучана да Расіі, узнікаюць саюзныя абавязацельствы. Гэта азначае, што мы пападаем пад дзеянне саюзнай мабілізацыі. Лукашэнка будзе змушаны да гэтага. Фактычна мы вяртаемся да лютага, калі былі высокія чаканні таго, што беларусы ўкрочаць у ваенныя дзеянні.

Саюзная мабілізацыя азначае і размяшчэнне ў Беларусі ядзернай зброі.

Ці гэта будзе на самалётах, ці стратэгічная ядзерная зброя. Гэта ўжо асаблівага значэння мець не будзе. Факт, што ядзерная зброя з’явіцца пасля рэферэндуму, а, магчыма, пасля таго, як вось завершыцца першы этап мабілізацыі [ў Расіі. — Еўрарадыё], — працягвае Усаў.

Як Расія выкарыстоўвае мабілізацыю для ўнутрыпалітычных мэт, так гэта будзе рабіць і Лукашэнка. У Расіі гэта павелічэнне кантролю, афіцыйны перавод жыцця краіны на мілітарысцкі ўзровень, каб утрымаць уладу ва ўмовах паразаў.

І беларусаў чакае тое самае на ўзроўні палітычным. Лукашэнка гэта агучыў — даціснуць свядомых, даціснуць беглых і тых, хто не збег. Прырэзаць усё, што засталося прыватнае. Не важна, гэта гаспадарка ці сацыяльная прастора. І мабілізацыя таксама будзе мець палітычнае значэнне. Усіх, хто не згодзіцца, — у вязніцу ці ў лагеры. Мы бачым, што кшталт сістэмы мяняецца, мабілізацыя будзе выкарыстоўвацца для далейшых чыстак, для прымусу, для запужвання.

 

“Зразумеюць, што гэта не вучэнні, калі прыляціць куля”

Як варыянт развіцця падзей — мабілізаваных беларусаў накіруюць у Расію “на вучэнні”, а пасля ва Украіну.

І яны пра гэта даведаюцца толькі тады, калі прыляціць куля альбо трапяць у палон. Гэтая пагроза даволі вялікая. Проста каб жыхары Беларусі, нашы грамадзяне гэта разумелі: калі будзе абвешчана мабілізацыя, іх не будуць забіраць у беларускае войска. Бо гэта ўжо саюзнае войска. Лукашэнка сказаў учора, што ў нас з Расіяй адзінае войска.

Павел Усаў: “Мабілізацыя — гэта фактычна вынішчэнне беларусаў”
Для режима опасно раздавать оружие нелояльным, поэтому их будут выдавливать в Россию / Министерство обороны

Лукашэнка казаў таксама пра тэрытарыяльную абарону. Але ж шмат беларусаў з рознымі поглядамі. Ці дасць ён усім зброю?

У Беларусі вайсковы персанал складае 45 тысяч чалавек. З іх 20 адсоткаў, умоўна, — гэта кантрактнікі, якіх можна выкарыстоўваць у якасці вайсковай сілы. Агульны вайсковы рэзерв складае каля 300 тысяч чалавек. З іх 128 тысяч — гэта так званая тэрытарыяльная абарона.

Калі гэтыя 128 тысяч пачнуць трансфармаваць у нейкую мабілізацыйную групу, гэта ўжо будзе крытычная маса. Не кажу, што яна нешта зменіць на франтах, але гэта маса можа стварыць крытычную сітуацыю на памежжы з Украінай. Пытанне толькі ў лаяльнасці.

Што ў расійскага насельніцтва мазгі дашчэнту прамытыя, гэта мы разумеем. Яны гатовыя ўсіх пасылаць на фронт і ў перспектыве атрымоўваць “Ладу”, — кажа Павел Усаў. —  Але ў беларусаў і лаяльнасці няма. Гэта таксама для Лукашэнка пагроза. І самае лепшае для яго, калі ўсё пойдзе па абсалютна драматычным сцэнары, — гэта не пакідаць гэту мабілізацыйную масу ўнутры Беларусі. Таму што яна можа выбухнуць. Непадпарадкавацца начальству, бо шмат хто слухае нашы перадачы, глядзіць і слухае ўкраінцаў.

Гэтыя 128 тысяч чалавек могуць трапіць пад фільтрацыю і будуць перакінутыя ў Расію, мяркуе эксперт.

Там будзе значна цяжэй супрацьстаяць расійскаму камандаванню. Гэта для беларусаў асноўная праблема. Выкінецца “небяспечны” матэрыял, з аднаго боку. З іншага боку — будуць выкананыя абавязацельствы Лукашэнкі перад Пуціным. І гэта драма для беларусаў.

Думаю, цяпер важная задача ўсім незалежным СМІ, усім палітыкам прасоўваць ідэю, што мабілізацыя — гэта фактычна вынішчэнне беларусаў, выкарыстанне іх як гарматнага мяса, — робіць выснову Павел Усаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі