ПАСЕ прапануе стварыць міжнародны следчы орган па правапарушэннях у Беларусі

ПАСЕ прапануе стварыць міжнародны следчы орган па правапарушэннях у Беларусі

У ПАСЕ прапанавалі стварыць міжнародны следчы орган для збору інфармацыі і доказаў аб правапарушэннях у Беларусі. Адпаведную заяву прыняў камітэт Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы па юрыдычных пытаннях і правах чалавека. 

У заяве гаворыцца: "Камітэт па юрыдычных пытаннях і правах чалавека падтрымлівае мужны народ Беларусі, які змагаецца за свае правы і годнасць"

У камітэце адзначаюць шматлікія вартыя даверу паведамленні пра масавыя і сур'ёзныя парушэнні права на свабодныя і справядлівыя выбары, свабоды выказвання меркаванняў і сходаў, права на свабоду. Згадваюць і пра катаванні ды бесчалавечнае і прыніжальнае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі.

Камітэт ПАСЕ адмаўляецца прызнаць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і патрабуе правесці іх "справядлівым і транспарэнтным чынам пад наглядам міжнародных назіральнікаў". Людзі вінаватыя ў сур'ёзных парушэннях правоў чалавека павінны быць прыцягнутыя да адказнасці.

Міжнародны следчы орган, на думку камітэта, павінен "даць выразны сігнал усім супрацоўнікам сіл бяспекі пра тое, што сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека не застануцца беспакаранымі"

Да супрацоўніцтва ў расследаванні плануецца запрасіць як беларускія ўлады, так і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі