Вы тут

Папраўкі ў Падатковы кодэкс: зноў міма інтарэсаў людзей?

Бягучая рэдакцыя Падатковага кодэкса дзейнічае з 1 студзеня 2019 года / Еўрарадыё

12 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Падатковы кодэкс трэба "асвяжыць". Абноўленае падатковае заканадаўства павінна запрацаваць са студзеня 2022 года.

Прадстаўнікі бізнес-супольнасці ўжо азнаёміліся са зменамі ў ПК, прапанаванымі Мінфінам і Міністэрствам па падатках і зборах. Ключавыя пытанні, якія падымаліся бізнесам яшчэ пры падрыхтоўцы паправак у кодэкс у 2018 годзе — зніжэнне падаткаў, пенсійная рэформа і ліквідацыя праверак задняй датай, — там не вырашаюцца.

— Карэктавалася і агульная частка, і кропкава спецыяльныя нормы. У асноўным гэта прапановы, якія ўносіліся дзяржорганамі па пытаннях, у якіх, з іх пункту гледжання, выявіліся недапрацоўкі, — расказвае сябра праўлення, эксперт Асацыяцыі падаткаплацельшчыкаў і дарадца адвакацкага бюро "Гарэцкі і партнёры" Наталля Зварано.

На думку эксперта, праблем з прыняццем новаўвядзенняў будзе шмат, улічваючы, што склад рабочай групы па падрыхтоўцы змяненняў моцна адрозніваецца ад таго, які быў у 2018 годзе. Тады вялікую яе частку складала бізнес-супольнасць.

Да пытанняў, якія даўно хвалявалі бізнес, цяпер практычна не дайшлі. Мы распыталі экспертаў, што сапраўды неабходна новаму Падатковаму кодэксу і ці патрэбныя тыя змены, якія падрыхтавалі чыноўнікі.

"Хаос у падатковай сістэме чамусьці задавальняе ўлады"

Здымак мае ілюстрацыйны характар / krasfun.ru

Сярод новаўвядзенняў акцэнт робіцца на лічбавізацыі падатковай сістэмы. Як адзначае эканаміст Леанід Фрыдкін, сёння гэта зусім не важны момант.

— З пункту гледжання насельніцтва, лічбавізацыя цяпер не патрэбная. Дзяржава ж хоча ўзмацніць кантроль над грашовымі патокамі і такім чынам спадзяецца вывесці з ценю частку даходаў насельніцтва, абкласці іх падаткамі і атрымаць больш грошай у бюджэт. Вось і ўся актуальнасць.

Для бізнесу важна забяспечыць выкананне заканадаўства, прычым не толькі падатковага, падкрэслівае эксперт. Акрамя таго, трэба ліквідаваць адсылачныя нормы і залішняе рэгуляванне многіх пытанняў. Адным з такіх пытанняў з'яўляецца прымяненне некаторых відаў праверак задняй датай у адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 33 ПК. Згодна з ім, падатковая база прадпрыемстваў можа быць адкарэктавана за пяцігадовы перыяд.

Мноства адсылачных нормаў прыводзіць да таго, што рэгуляванне ўскладняецца, позніцца, а некаторыя пытанні і зусім рэгулююцца за рамкамі Падатковага кодэкса, падкрэслівае Леанід Фрыдкін.

— Гэта абсалютна ненармальна, стварае хаос у падатковай сістэме, але нашы ўлады гэта чамусьці вельмі задавальняе.

Галоўнае — зніжэнне падатковай нагрузкі

Фота з адкрытых крыніц

Самае галоўнае, што трэба бізнесу ў новым Падатковым кодэксе, — зніжэнне і раўнамернае размеркаванне падатковай нагрузкі, падкрэслівае эксперт.

— Ні адна з пералічаных задач не ставіцца. Што да пераразмеркавання падатковай нагрузкі, то ў нас атрымліваецца, што шэраг сфер з'яўляюцца высокамаржынальнымі, але маюць вельмі нізкую падатковую нагрузку. Тыя сферы, якія з'яўляюцца неабходнымі, але нізкарэнтабельнымі, плацяць падаткаў у адносным выражэнні значна больш. Напрыклад, у нас падатковая нагрузка на сельскую гаспадарку і фінансавы сектар аднолькавая. Нармальна? — абураецца Леанід Фрыдкін.

Як адзначае кіраўнік Бізнес саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя М. С. Куняўскага Жанна Тарасевіч, падатковая нагрузка можа быць высокай у тым ліку за кошт непадатковых плацяжоў, напрыклад куплі кантрольна-ідэнтыфікацыйных знакаў на тавары ці платы за дарогі.

У пенсійнай сістэме за 8 гадоў нічога не змянілася

— Плюс фіскальнае адабранне — гэта і пытанне, звязанае з пенсійнай рэформай. Яшчэ ў 2012 годзе ў дырэктыве №4 закладзена пераразмеркаванне падатковай нагрузкі паміж работнікам і наймальнікам. Мы так да гэтага і не падышлі, — працягвае Жанна Тарасевіч.

Цяпер работнікі адлічваюць у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва 1% ад заработнай платы, яшчэ 34% выплачвае наймальнік.

Жанна Тарасевіч упэўненая, што ў рамках працы над Падатковым кодэксам, які "трэба прымаць ужо заўтра", вырашыць усе пытанні якасна не атрымаецца.

— Трэба намячаць падатковую рэформу на пяцігодку і гаварыць пра тое, што налета мы рэфармуем мясцовыя падаткі. У другі год — непадатковыя плацяжы, у трэці год мы падыходзім да рэспубліканскіх падаткаў і гэтак далей.

Павышэнне акцызаў і няроўнасць кампаній

/ btw.by

Згодна з праектам змяненняў у Падатковы кодэкс, прадстаўленым чыноўнікамі, стаўкі акцызаў на алкагольную і тытунёвую прадукцыю могуць павялічыцца. Пры гэтым стаўкі акцызаў на аўтамабільнае паліва і маторныя алівы, як і стаўка падатку на гульнявы бізнес, мяняцца не будуць.

Прапанаваныя змены закрануць і нормы артыкула 20 ПК. Яна ўсталёўвае ўзаемазалежнасці арганізацый для мэт падаткаабкладання [ўзаемазалежныя — гэта асобы або арганізацыі, адносіны паміж якімі аказваюць непасрэдны ўплыў на ўмовы або эканамічныя вынікі іх працы. — Рэд.]. У прыватнасці, узаемазалежнасць можа быць падставай для сумневаў падатковай у тым, што якія-небудзь дзеянні кампаній былі здзейсненыя для дасягнення канкрэтнага эканамічнага выніку, а не для сыходу ад выплаты падаткаў.

Са сферы рэгулявання артыкула 20 ПК прапануецца прыбраць дзяржаўныя арганізацыі, падпарадкаваныя ўраду.

— У артыкуле застаецца пункт, які дае бязмежныя магчымасці для прызнання ўзаемазалежнасці іншых арганізацый, — кажа Наталля Зварано.

Так дзяржаўныя і прыватныя кампаніі апынуцца ў няроўных умовах. Выходзіць, калі ўзаемазалежныя прадпрыемствы, падпарадкаваныя дзяржаве, правядуць здзелкі, па выніках якіх атрымаюць неабгрунтаваную падатковую выгаду, то правяраць іх не будуць.

Неаднаразова абмяркоўвалася на кансультатыўным савеце ў МПЗ пытанне кантролю цэн у падатковых мэтах. У выніку спросціцца парадак падбору крыніц інфармацыі, якая абгрунтоўвае прымяненне рынкавых цэн, расказвае Наталля Зварано.

— Плацельшчык можа атрымаць права самастойна падбіраць інфармацыйную крыніцу вызначэння рынкавых цэн без прывязкі да іерархіі інфармацыйных крыніц у адпаведнасці з Падатковым кодэксам. Таксама пашыраецца пералік выпадкаў, калі плацельшчык мае права выкарыстоўваць заключэнне прафесійнага ацэншчыка ў якасці крыніцы інфармацыі для абгрунтавання рынкавай цаны.

Гэта аблегчыць жыццё падаткаплацельшчыку, але пакуль змяненні ў Падатковы кодэкс прынцыпова сістэму не мяняюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.