Памежнікі спынілі аўтобусы Масква — Мінск: пасажырам давялося сесці за стырно

Пасажыры няўдалага рэйса перад аўтобусам / ТГ-канал Антона Матолькі
Пасажыры няўдалага рэйса перад аўтобусам / ТГ-канал Антона Матолькі

У ноч на 27 снежня расійскія памежнікі не прапусцілі ў Беларусь чатыры аўтобусы Масква-Мінск. Шараговая паездка ператварылася ў стрэс-тэст: уначы, скрозь мокры снег людзі вымушаныя былі дабірацца да беларускай мяжы пешшу. Сярод тых, хто апынуўся ў няпростай сітуацыі, былі дзеці.

— На мяжы спынілася шэсць аўтобусаў. Два з іх былі з беларускімі нумарамі, астатнія належалі расійскаму перавозчыку. Аўтобусы з кіроўцамі-беларусамі прапусцілі, а ў аўтобусы з кіроўцамі-расіянамі зайшоў расійскі памежнік і сказаў кіроўцам: " У вас няма падстаў перасякаць мяжу", — распавядае Еўрарадыё Дзмітрый, пасажыр аднаго з рэйсаў.

— Дайшлі да казіно, але там адмовілі ў абагрэве і прыбіральні, і мы яшчэ 1,5 км ішлі да запраўкі "Лукойл", дзе ўжо чакалі сваіх родных, — распавядае яшчэ адзін пасажыр.

Усё гэта адбывалася на расійскім пункце пропуску "Чырвоная Горка". У сувязі з пандэміяй COVID-19 уезд грамадзян РФ у Беларусь абмежаваны. Для перасячэння мяжы павінны быць падставы, пералік якіх ёсць на сайце памежнай службы ФСБ Расіі. Дзіўна, але кіроўца аўтобуса, які курсіруе паміж Масквой і Мінскам, — недастатковая падстава для перасячэння расійскай мяжы.

— Калі людзі зразумелі, што транспарт не прапускаюць, яны пачалі выбягаць з аўтобусаў проста з валізкамі, — працягвае Дзмітрый. — Многія з іх спяшаліся на самалёты. Ішоў мокры снег, было вельмі холадна. Хтосьці пачаў прасіцца ў фуры, якія праязджалі міма, хтосьці пешшу пайшоў праз мяжу. У нашым аўтобусе было два кіроўцы-міжнароднікі, беларусы — яны ехалі як пасажыры. Гэтыя міжнароднікі пайшлі да расійскіх памежнікаў, паказалі свае пасведчанні кіроўцы, селі за стырно і на двух аўтобусах перавезлі пакінутых людзей праз мяжу. Пасля таго, як перасеклі мяжу, яны зноў памяняліся з расійскімі кіроўцамі. На мяжы мы стаялі 4,5 гадзіны.

Пограничники остановили автобусы Москва—Минск: пассажирам пришлось сесть за руль
Скрыншот перапіскі пасажыра / Еўрарадыё

Перавозчык: самі не ведаем, як так атрымалася

Перавозчык Intercars, пра чые аўтобусы ідзе гаворка, разводзіць рукамі: самі не ведаем, як так атрымалася.

Кіроўцы мелі на руках усе дакументы. Яны ездзяць з самага закрыцця межаў, з 13 сакавіка. Да гэтага выпадку іх не спынялі. На дадзены момант кіроўцы гэтых аўтобусаў у Расію яшчэ не вярнуліся.

Пограничники остановили автобусы Москва—Минск: пассажирам пришлось сесть за руль
Кошт паездкі — 2500 расійскіх рублёў, ці каля 90 BYN / Еўрарадыё

А што наконт кампенсацыі за няўдалы рэйс?

— Наконт кампенсацыі — пытанне вырашаецца. Да нас прыходзілі пасажыры, пытанні ўзнікалі. Заявы на вяртанне сродкаў будуць разгледжаныя, — адказвае прадстаўнік Intercars.

Што гавораць іншыя перавозчыкі?

У сацсетках пішуць, што прычына спынення аўтобусаў — нефармальны загад зверху не пускаць у Беларусь кіроўцаў-расіян. Перавозчык, які ездзіў па гэтым маршруце, распавёў Еўрарадыё, што гэтая версія беспадстаўная:

— Гэта поўная лухта. Учора ўвечары ехалі яшчэ адны кіроўцы-расіяне, і іх прапусцілі.

Перавозчык распавядае, што цяпер на маршруце "Масква — Мінск" працуе некалькі шэрых схем. 

— Напрыклад, расійскія прыватнікі ставяць цану ніжэй за рынкавую. Натуральна, пасажыры клююць на гэта. Іх прывозяць на мяжу — і на гэтым усё. 

Таксама ёсць версія, што ў кіроўцаў магла быць "набытая" падстава для перасячэння мяжы, і таму іх не прапусцілі. Ці яны першапачаткова маглі везці людзей толькі да мяжы, нікому пра гэта не паведаміўшы.

Чтобы следить за важными новостями, подпишитесь на канал Еврорадио в Telegram.

Мы каждый день публикуем видео о жизни в Беларуси на Youtube-канале. Подписаться можно здесь.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі