Палякам не цікавы беларускі бязвіз: прыязджаюць у 12 разоў радзей, чым літоўцы

Палякам не патрэбныя "закупы" ў Беларусі / DELFI

Да канца жніўня беларускім бязвізам для грамадзян Літвы, Латвіі і Польшчы скарысталіся 211 961 чалавек. Амаль дзве траціны з іх — 135 422 — грамадзяне Літвы (у сярэднім па 11 155 на тыдзень). Яшчэ 71 186 чалавек, як грамадзян, так і "неграмадзян", прыехалі з Латвіі (у сярэднім па 3746 на тыдзень).

Для літоўцаў і латвійцаў бязвіз дзейнічае з 15 красавіка 2022 года, гэта значыць ужо 4,5 месяца. Для палякаў яго ўвялі з 1 ліпеня, гэта значыць ён працуе толькі два месяцы. Тым не менш можна сказаць, што грамадзян Польшчы беларускі бязвіз не вельмі цікавіць. Ім скарысталіся толькі 5353 чалавекі. Або ў сярэднім па 669 у тыдзень.

З 11 ліпеня Дзяржпамежкамітэт публікуе штотыднёвыя справаздачы па візітах з трох краін. Згодна з імі, у сярэднім у тыдзень палякі прыязджаюць у 6,7 раза радзей, чым латвійцы. І ў 12,2 раза радзей, чым літоўцы:

Візіты літоўцаў, латвійцаў і палякаў у Беларусь па тыднях / Еўрарадыё

Гэта зусім не падобна да ажыятажу вакол беларускай грэчкі і солі, пра які любіць расказваць Лукашэнка. Нядаўна ён нават прапанаваў кіраўніку Гродзенскай вобласці арганізаваць на мяжы выязны гандаль: паставіць латкі з гароднінай і іншымі таварамі, каб замежнікам было зручней закупляцца. Здаецца, на польскай мяжы гэта ўвогуле не мае сэнсу.

Тым часам латвійскі Сейм увёў абмежаванні на шопінг у Беларусі для сваіх грамадзян. Праўда, грэчка і соль тут таксама ні пры чым. Абмежаванні распаўсюджваюцца на падакцызныя тавары, як цыгарэты, алкаголь і паліва.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.