Палітвязня Васіля Бераснева вярнулі ў калонію без аперацыі на нырках

Васіль Бераснеў

Васіль Бераснеў / svaboda.org

Палітвязня Васіля Бераснева вярнулі ў калонію, не зрабіўшы яму аперацыю. Пра гэта Радыё "Свабода" расказаў Максім Пазнякоў, які знаходзіцца за мяжой і часова выконвае абавязкі старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП).

У 73-гадовага прафсаюзнага актывіста Бераснева адна нырка. Ён пакутае на ныркавую недастатковасць. Як распавядала Еўрарадыё, на пачатку кастрычніка яго тэрмінова павезлі з калоніі ў Магілёўскую абласную лякарню.

"Яго абследавалі ў шпіталі на працягу двух дзён і адправілі назад у калонію. Вынікаў не паведамілі. Сказалі, што атрымае потым, у калоніі", — распавядае Максім Пазнякоў. Як Бераснеў пачуваецца пасля шпіталя, ягоныя прафсаюзныя калегі не ведаюць.

Паводле Пазнякова, у калонію Бераснева вярнулі ў першай палове кастрычніка. Чаму вязню не зрабілі аперацыю па перасадцы ныркі, Пазнякоў не ведае.

У зняволенні ў палітвязня абвастрыліся праблемы са здароўем, а ў калоніі №15 яго стан здароўя рэзка пагоршаў. Паведамлялася, што ў Бераснева павысіўся ціск і пачаліся моцныя болі ў нырцы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі