Вы тут

Палітолаг: адносінам Беларусі і Украіны яшчэ ёсць куды пагаршацца

Кіраўнік украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда

Адносіны Беларусі і Украіны перажываюць няпросты перыяд узаемных абмежаванняў. Дыпламаты дзвюх краін пікіруюцца з канца мінулага года. Спыніліся мінскія пасяджэнні трохбаковай кантактавай групы па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. Нядаўна Кіеў закрыў сваё неба і аэрапорты для беларускіх самалётаў. А Мінск уводзіць разавыя ліцэнзіі на імпарт украінскіх тавараў, ад піва да пральных машын.

Яшчэ адзін камень спатыкнення — статус Крыма. Беларусь да гэтага часу не прызнала паўвостраў расійскім. Але пачала абмяркоўваць адкрыццё рэйса "Белавія" Мінск — Сімферопаль, які з "таго" боку будзе адміністравацца расійскімі дыспетчарамі.

Як адносіны Беларусі і Украіны будуць развівацца далей? Мы пагаварылі пра гэта з кіраўніком украінскага Інстытута сусветнай палітыкі Яўгенам Магдам.

Што будзе, калі "Белавія" адновіць палёты ў Крым

— Афіцыйна аэрапортам Сімферопаля павінны кіраваць украінскія дыспетчары. Падпарадкоўваючыся над Крымам камандам расійскіх дыспетчараў, беларускі самалёт парушыць украінскае заканадаўства. Ва Украіны з'явіцца яшчэ адна нагода для пагаршэння эканамічных адносін з Беларуссю.

"Белавія" можа ўжыць хітрасць: даляцець да Растова і перасадзіць пасажыраў у самалёт расійскай авіякампаніі, якая і так лётае ў Крым. Але ці варта аўчынка вырабу? Стыковачны палёт у Крым з перасадкай у Растове — дарагі варыянт, пры якім "Белавія" не атрымае значнай часткі даходу. Але "Белавія" — дзяржаўная авіякампанія, і беларускія ўлады хочуць яе загрузіць.

МЗС Украіны заявіла: калі хоць бы адзін самалёт з Беларусі пакажацца ў Крыме, санкцыі будуць абавязкова. Паветраныя санкцыі — самыя паказальныя, таму ўкраінскія ўлады будуць ажыццяўляць іх найбольш ахвотна. Але могуць быць і іншыя, звязаныя з пастаўкамі беларускіх тавараў ва Украіну.

Пытанне, ці працягне Украіна купляць беларускія прадукты нафтаперапрацоўкі: дызель, бензін, бітум. Яны Украіне неабходныя, і Зяленскі да апошняга будзе пазбягаць санкцый на іх. Гэта крытычны імпарт: яго адсутнасць можа выклікаць праблемы з праграмай вялікага будаўніцтва дарог ва Украіне, а гэта важнае іміджавае пытанне для Зяленскага.

Каманда Зяленскага не хоча ўводзіць рэальныя санкцыі супраць Беларусі, разумеючы, што гэта ўдарыць і па ўкраінскай эканоміцы. Але палітычна ва Украіны няма іншага выйсця, калі яна разлічвае на салідарнасць іншых краін. Знешняя палітыка — не самы моцны бок Зяленскага.

Прыезд у Мінск "следчых з "ЛНР" — выклік для Лукашэнкі

— Нават большую небяспеку для беларуска-ўкраінскіх адносін, чым палёт "Белавія" ў Крым, уяўляюць заявы Лукашэнкі, што следчыя з так званай ЛНР будуць дапушчаныя да допыту Рамана Пратасевіча. Тое, што Пратасевіч быў сфатаграфаваны ў вайсковай форме палка "Азоў", — не доказ у судзе. Але для грамадскай думкі гэта пацвярджае словы Лукашэнкі: маўляў, Пратасевіч "забіваў людзей у братэрскай Украіне".

Гэта памылка Пратасевіча, я спішу яе на маладосць. Самі функцыянеры палка "Азоў" кажуць, што Пратасевіч быў там проста журналістам. Ён павінен быў быць у куртцы з надпісам "Прэса" і не павінен быў браць у рукі зброю. А так ён сам падарыў інфанагоду беларускай і расійскай прапагандзе.

Але так званая ЛНР не прызнаная нават Расіяй. І калі адтуль у Мінск прыедуць так званыя следчыя, то Лукашэнка павінен разумець: у так званых народных рэспубліках існуе яшчэ савецкае па сутнасці заканадаўства з выкарыстаннем смяротнага пакарання. Лукашэнку давядзецца выбіраць: ён захавае Беларусь як нармальную дзяржаву, суб'ект міжнароднага права альбо будзе цалкам танцаваць пад дудку Пуціна. Пастаянна манеўраваць не атрымаецца.

Лукашэнка сказаў, што следства будзе праходзіць у Мінску: і над Раманам Пратасевічам, і над Сафіяй Сапега. "ЛНР" і "ДНР" — шэрыя зоны, чалавека нельга перадаць у нікуды. А Расія, дарэчы, пакуль што не гаворыць пра Пратасевіча як пра вайсковага злачынцу, хоць Следчы камітэт Расіі распачаў дзясяткі крымінальных спраў супраць украінскіх вайскоўцаў на Данбасе.

Лукашэнку ва Украіне ўспрымаюць як марыянетку Пуціна

— Яшчэ на пачатку мінулага года Лукашэнка для ўкраінцаў быў самым сімпатычным з прэзідэнтаў іншых дзяржаў. Але сітуацыя, якая склалася ў Беларусі, працуе супраць яго. Сёння ва Украіне існуе меркаванне, што Лукашэнка — стаадсоткавая марыянетка Пуціна. І калі ён пачне пацвярджаць гэта не толькі словамі і намерамі, але і дзеяннямі...

Маскве выгадна, каб Мінск пачаў працэс прызнання Крыма. Прызнае яго, напрыклад, Беларусь. Расіі будзе лягчэй казаць: Лукашэнка змог, а вы чым горшыя? І аргументы ў Масквы будуць разнастайнейшыя. Яна любіць заграбаць жар чужымі рукамі.

У дзяржаўным кіраванні Расіяй пераважае імперская свядомасць з успрыманнем рускіх, украінцаў і беларусаў як трыадзінага славянскага народа, дзе рускія — старэйшыя браты. Эканамічна Расія ўжо магутна прысутнічае ў Беларусі. А вось калі паглыне яе палітычна, то ўшчыльную возьмецца і за Украіну.

Ці можа Расія анексаваць Беларусь на ўзор Крыма?

— Пуціну патрэбная геапалітычная перамога перад парламенцкімі выбарамі ў верасні. Гэта накладваецца на ваенныя вучэнні "Захад-2021". Расійскія вайскоўцы могуць застацца ў Беларусі да наступных вучэнняў. Таксама Лукашэнка можа вынесці на рэферэндум пытанне, якое будзе разгойдваць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. Але я не думаю, што беларуска-расійскія адносіны дасягнуць стадыі, калі расійскія танкі ўвойдуць у Беларусь. Я ведаю, што беларусам важная незалежнасць — гэта натуральна. І ў Расіі гэта добра разумеюць. Гэта будзе як удаў з'ядае труса, толькі замест труса — мяшок бульбы.

У той жа час я не думаю, што Байдэн "даручыць" Пуціну "навесці парадак" у Беларусі. Маўляў, вазьміце адказнасць і зрабіце так, каб з Беларусі не прыходзілі навіны пра разгон дэманстрацый, палітвязняў, крадзеж самалёта. Ніводзін разважны палітык на Захадзе не гатовы ўспрымаць архітэктуру еўрапейскай бяспекі без Беларусі. Аддаваць Беларусь на водкуп Расіі — падштурхоўваць Крэмль, каб ён разабраўся і з Украінай.

Ніхто вам не здрадзіць, калі вы самі сабе не здрадзіце. Спадзявацца на Байдэна — не самая лепшая пазіцыя пасля таго, як ён змяніў сваё меркаванне па "Паўночным патоку — 2". Хоць тут апошняе слова яшчэ яўна не сказана.

А вось працягваць кантакты на недзяржаўным узроўні паміж Беларуссю і Украінай неабходна: мы суседзі, мы павінны ведаць, што адбываецца адно ў аднаго, і шмат чаму вучыцца адно ў аднаго.

Як у Кіеве ўспрымаюць ваенныя вучэнні "Захад"?

— Вучэнні "Захад" паміж вайскоўцамі Беларусі і Расіі турбуюць Украіну кожныя чатыры гады: колькі расійскіх вайскоўцаў прыедзе ў Беларусь і колькі з'едзе. Цяпер гэта турбуе таксама Польшчу, Літву і Латвію. Гэтыя краіны могуць узгадніць з Украінай дзеянні разведкі і спецслужбаў.

Але ў Крамлі павінны ўсведамляць: Беларусь — краіна з партызанскімі традыцыямі, і акупаваць яе проста так ні ў кога не атрымаецца. Вучэнні "Захад" — больш псіхалагічны ціск, каб паказаць Лукашэнку і суседнім краінам, што Расія можа пагульваць цягліцамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.