NYT: Пуцін асабіста забараніў расійскім войскам адысці ад Херсона

Уладзімір Пуцін / Anadolu Agency

Уладзімір Пуцін асабіста адхіліў просьбу камандзіраў адвесці войскі з Херсона. У апошні час ён усё часцей удзельнічае ў прыняцці стратэгічных рашэнняў, якія тычацца вайны ва Украіне, піша New York Times са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў, знаёмых са справаздачамі разведкі.

"Сыход з Херсона дазволіў бы расійскім вайскоўцам арганізавана адступіць за Днепр, захаваўшы тэхніку і людзей. Але такое адступленне стала б яшчэ адным зневажальным публічным прызнаннем паражэння Пуціна ў вайне і прынесла б Украіне другую буйную перамогу за месяц", — гаворыцца ў артыкуле.

Але Пуцін вырашыў інакш. У выніку расійскія войскі ў Херсоне адрэзаныя ад астатніх войскаў Дняпром. А рашэнне расійскага прэзідэнта, па словах крыніц выдання, прывяло да зніжэння маральнага духу сярод вайскоўцаў.

Да таго ж, гаворыцца ў артыкуле, уцягнутасць Пуціна ў прыняцце рашэнняў выклікае напружанне сярод ваеннага кіраўніцтва. Рознагалоссі ў дачыненні да Херсона — гэта толькі апошнія непаразуменні паміж ім і ваенным камандаваннем. Як кажуць амерыканскія чыноўнікі, старэйшыя афіцэры сумняваліся ў першапачатковым стратэгічным плане вайны, які прадугледжваў хуткі захоп Кіева. Расійскія афіцэры былі ўпэўненыя, што для гэтага недастаткова салдат і зброі, піша NYT.

Пасля паражэння пад Кіевам Пуцін аслабіў кантроль над вайсковым планаваннем.

Раней са спасылкай на крыніцы аб рознагалоссях паміж Пуціным і вайсковым камандаваннем паведамляла CNN. Асабістыя загады Пуціна генералам выданне назвала вельмі незвычайнай тактыкай кіравання ў сучасных узброеных сілах. Па словах крыніц, гэта сведчыць аб неэфектыўнай каманднай структуры, якая перашкаджае Расіі з самага пачатку ўварвання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.