Вы тут

Навукоўцы НАН растлумачылі, што значаць БЧБ-сцяг і фраза "Жыве Беларусь!"

Бел-чырвона-белы сцяг на стэле "Мінск — горад-герой" / Еўрарадыё

Суд Ленінскага раёна Мінска 11 лістапада разглядаў справу 20-гадовай Марыі Сафонавай. Яе абвінавачваюць у "апаганенні і пашкоджанні маёмасці" — арт. 341 КК: Марыя намалявала на асфальце і на дзвярах сутарэння дома БЧБ-сцяг і напісала "Жыве Беларусь!".

Па запыце абароны дзяўчыны вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук правялі экспертызу: яны выказаліся як пра бел-чырвона-белы сцяг, так і пра лозунг "Жыве Беларусь!".

Аказваецца, малюнак, выкананы фарбамі, не лічыцца сцягам, а чырвоны і белы колеры не могуць нікога абражаць! Загадчык аддзела генеалогіі, геральдыкі і нумізматыкі Інстытута гісторыі НАН Аляксей Шаланда ў сваім экспертным заключэнні піша наступнае:

"...любы малюнак, выкананы белай і чырвонай фарбамі, не з'яўляецца ні сцягам, ні нават яго эскізам, а ў спалучэнні бел-чырвона-белы дэманструе гістарычныя нацыянальныя колеры беларускага народа. Яны не маюць ніякага цынічнага і абразлівага зместу, не накіраваныя на шкоду грамадскаму парадку і не выказваюць грэбавання да маральных каштоўнасцяў беларусаў. Іх публічная дэманстрацыя сведчыць пра гонар за свой народ, пра вернасць нацыянальным традыцыям і каштоўнасцям, пра патрыятызм і падтрымку незалежнасці і суверэнітэту Рэспублікі Беларусь".

Аляксандр Лукашэнка прымаў прысягу ў 1994-м менавіта пад бел-чырвона-белым сцягам

Такое заключэнне эксперта НАН — выдатны адказ і дзяржаўнай прапагандзе, якая спрабуе паказваць бел-чырвона-белы сцяг як "калабарацыянісцкі", і супрацоўнікам праваахоўных органаў, якія ўпэўнены ў яго "фашысцкім мінулым".

Заключэнне па фразе "Жыве Беларусь!" на шасці старонках падрыхтавалі загадчыца аддзела беларускай дыялекталогіі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Вераніка Курцова і вядучая навуковая супрацоўніца гэтага цэнтра Эльвіра Ярмоленка.

Навукоўцы пастанавілі: фраза "Жыве Беларусь!" не з'яўляецца ні абразлівай, ні цынічнай, ні грэблівай.

"У выразе "Жыве Беларусь!" адлюстравана сутнасць унутранай і знешняй палітыкі нашай дзяржавы, накіраваная на забеспячэнне росквіту Рэспублікі Беларусь і росту дабрабыту грамадзян", — падкрэсліваюць эксперты.

Вядома, затрымліваць за сцягі і лозунгі цяпер наўрад ці перастануць: не падобна, каб супрацоўнікі АМАПа чыталі заключэнні навукоўцаў. Але сам факт падрыхтоўкі такіх заключэнняў таксама досыць паказальны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.