Наступствы абстрэлу Харкаўскай вобласці і "мінны тэрор" — 289-я раніца вайны

Падчас абстрэлу Харкаўскай вобласці адна з ракет трапіла ў прыватны дом / @synegubov
Падчас абстрэлу Харкаўскай вобласці адна з ракет трапіла ў прыватны дом / @synegubov

Чатыры чалавекі атрымалі раненні ў выніку расійскага абстрэлу Харкаўскага раёна. Частка ракет збілі сілы СПА, але адна трапіла ў прыватны дом. "Пацярпелі выключна мірныя жыхары і грамадзянская інфраструктура", піша ў Telegram старшыня абласной вайсковай адміністрацыі Алег Сінягубаў.

А на поўначы Жытомірскай вобласці на міне загінулі муж і жонка, сіротамі засталіся 8 дзяцей. Аўтамабіль, у якім знаходзілася пара, падарваўся на міне. Пра гэта распавялі ў паліцыі. 

"На пэўным адрэзку дарогі іх аўто апынулася на абочыне, дзе аўтамабіль падарваўся папярэдне на міне. У выніку муж і жонка загінулі. Пры аглядзе месца здарэння спецыялісты зафіксавалі наяўныя сведчанні выбуху", — гаворыцца ў паведамленні. За дзецьмі цяпер прыглядаюць сваякі.

Последствия обстрела Харьковской области и "минный террор" — 289-е утро войны
Аўтамабіль, які падарваўся меркавана на міне / Паліцыя Жытомірскай вобласці

Пра мінны тэрор казаў напярэдадні ў традыцыйным відэазвароце і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Ён заявіў аб рашэнні пасмяротна ўзнагародзіць чатырох паліцэйскіх, якія на днях загінулі ў Херсонскай вобласці. Са слоў Зяленскага, паліцыянты падарваліся на мінах, калі вярталіся пасля выканання задання.

"Гэта тая форма расійскага тэрору, якой давядзецца яшчэ гадамі процідзейнічаць. Тэрарысты свядома спрабуюць пакінуць пасля сябе як мага больш смяротных пастак. Закапаных "фугасаў", расцяжак, замініраваных будынкаў, машын і інфраструктуры... Я ўпэўнены: гэта будзе сярод пунктаў абвінавачвання супраць Расіі за агрэсію — менавіта мінны тэрор", — сказаў прэзідэнт.

Пры гэтым ён адзначыў, што мінны тэрор з'яўляецца яшчэ больш жорсткім і больш подлым, чым ракетны. Ракеты можа спыніць сістэма СПА, а проціміннай сістэмы, якая магла б знішчыць хоць бы частка пагрозы, не існуе.

Аб сітуацыі на фронце. За мінулыя суткі падраздзяленні Сіл абароны Украіны адбівалі атакі расіян у раёнах Белагораўкі Луганскай вобласці, а таксама Кляшчэеўкі і Мар'інкі ў Данецкай вобласці. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ. Расіяне вядуць наступальныя дзеянні на Бахмуцкім і Аўдзеецскім напрамках і бараніліся на Купянскім (Харкаўская вобласць), Херсонскім і Новопавловскім (Днепрапятроўская вобласць) напрамках, кажуць у Генштабе.

Расійскія войскі, верагодна, ўмацоўваюць пазіцыі ў раёне Сватава у Луганскай вобласці, баючыся ўкраінскага контрнаступлення. Яны сцягнулі сюды вялікую колькасць сіл, гаворыцца ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны са спасылкай на расійскія крыніцы. Гэта робіцца, "каб прадухіліць чаканае павелічэнне тэмпаў украінскага контрнаступлення гэтай зімой", лічаць у Інстытуце.

Учора расійскія вайскоўцы таксама павялічылі тэмп контратак каля акупаванага горада Крэменная, гэта таксама ў Луганскай вобласці. Ён размешчаны бліжэй да Лісічанска і Севераданецка. Да Крэмянной спрабуюць прасоўвацца УСУ — і армія РФ ім процідзейнічае.

Месцам найбольш жорсткіх баёў застаецца Бахмут ў Данецкай вобласці, дзе расійская армія актыўна атакуе.

Последствия обстрела Харьковской области и "минный террор" — 289-е утро войны
Карта баёў у Харкаўскай, Луганскай і Данецкай абласцях 8 снежня 2022 года / understandingwar.org

Расія "рыхтуецца да новых бітваў, да новых наступальных аперацыях, а не да перамоваў. Так што нічога не кажа на карысць гатоўнасці Расіі да пачатку перамоваў",заявіў кіраўнік МЗС Украіны Дзмітрый Кулеба ў інтэрв'ю амерыканскай газеце Wall Street Journal. У любым выпадку, па яго словах, тэрытарыяльная цэласнасць Украіны не будзе прадметам перамоваў.

"За апошнія дзевяць месяцаў мы прайшлі праз занадта шмат пакут і вывучылі ўрокі так званага "Мінскага працэсу", якім нас катавалі на працягу васьмі гадоў, каб зараз ісці на нейкія саступкі ў дачыненні да тэрыторыі і людзей, якія там жывуць", — сказаў Кулеба.

Ён таксама заклікаў заходнія краіны не баяцца распаду Расіі. "Я не думаю, што свет разваліцца на часткі, калі разваліцца Расія. Але разваляць Расію яе ўласныя грамадзяне, як гэта здарылася з Расійскай імперыяй", — лічыць міністр замежных спраў Украіны.

Тым часам, Злучаныя Штаты рыхтуюцца перадаць Украіне яшчэ адзін пакет вайсковай дапамогі на суму 275 мільёнаў даляраў. Ён будзе ўключаць новыя магчымасці для барацьбы з беспілотнікамі і для ўзмацнення супрацьпаветранай абароны. Аб гэтым піша Reuters са спасылкай інфармаваныя крыніцы. Аб перадачы гэтай дапамогі можа быць абвешчана ўжо сёння.

Чакаецца, што ў новы пакет увойдуць ракеты для himars, 155-мм боепрыпасы, ваенныя транспартныя сродкі Humvee і генератары. Нагадаем, што 8 снежня Палата прадстаўнікоў ЗША ўзгадніла рэкордны абаронны бюджэт Злучаных Штатаў на 2023 год. Яго сума складае каля 858 мільярдаў даляраў. 800 мільёнаў даляраў прадугледжана для Украіны. Дакумент яшчэ павінны ўхваліць Сэнат і прэзыдэнт Джо Байдэн.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі