На спатканні рыдалі ў тры ручаі — жонка "барабаншчыка", якому далі 6 гадоў турмы

Сям'я Санчук / сямейны архіў
Сям'я Санчук / сямейны архіў

“Я ўсё спрабую даказаць, што Лёша не быў барабаншчыкам. Ён хацеў навучыцца граць, развучваў рытм. У групе не знаходзіўся, проста ведаў гэтых хлопцаў, на маршы з імі не хадзіў, бываў на рэпетыцыях і дапамагаў прывозіць апаратуру. Хтосьці памыліўся, і панеслася", — з ходу просіць перадаць чытачам Еўрарадыё Ганна Санчук

13 траўня суд Маскоўскага раёна горада Мінска прысудзіў яе мужа, 30-гадовага Аляксея Санчука, да шасці гадоў калоніі строгага рэжыму. Мужчыну затрымалі на 15 сутак у лістападзе 2020 года разам з групай барабаншчыкаў "Патрабуем разысціся", якая восенню стала адным з сімвалаў пратэстаў. На волю ён так і не выйшаў.

Санчука абвінавацілі ў арганізацыі і ўдзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама падрыхтоўцы або навучанні асоб ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Аляксей знаходзіцца ў зняволенні 197 дзён, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

"Упэўнена, што мой муж і ўсе, хто цяпер незаконна знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, свае тэрміны сядзець не будуць і хутка вернуцца да сваіх сем'яў", — кажа жонка Аляксея.


“Добры і ідэйны”

Еўрарадыё: Як і калі вы пазнаёміліся з мужам?

На свидании плакали в три ручья — жена "барабанщика", которому дали 6 лет тюрьмы

Ганна Санчук: З Лёшам я знаёмая з вясны 2009 года. Гулялі з сяброўкай, ён прабягаў міма. Я спытала: "Малады чалавек, куды бежыце?", ён спыніўся пабалбатаць. Узяў мой нумар тэлефона, патэлефанаваў на наступны дзень, так і пачалі стасоўвацца. Мы абое былі студэнтамі, па кафэ асабліва не хадзілі. Затое пастаянна ездзілі на прыроду: каталіся на роварах, бралі палаткі, начавалі пад зоркамі. Усё гэта вельмі любілі. Ажаніліся ў 2011 годзе. Ён прапаноўваў шмат разоў да гэтага, але я адмаўлялася, таму што разумела, што занадта маладыя, трэба прыгледзецца адно да аднаго. У лістападзе 2012-га нарадзілася наша дачка, цяпер ёй 8 гадоў. Дачка маленькая, але ў курсе ўсяго таго, што адбываецца і з татам, і ў цэлым па краіне. Перажывае як можа і як разумее, імкнецца мяне падтрымаць. Думаю, калі б не яна, мне было б вельмі цяжка.

Еўрарадыё: Якія якасці прыцягваюць вас у мужу больш за ўсё? Чым ён займаўся да таго, як яго пасадзілі?

Ганна Санчук: Муж вельмі добры і ідэйны. Па магчымасці стараўся дапамагаць усім, хто прасіў яго аб дапамозе. Калі не атрымлівалася, перажываў. У яго залатыя рукі — займаўся зборкай мэблі, кліенты заўсёды заставаліся задаволеныя яго працай. Яшчэ да пачатку перадвыбарнай кампаніі зацікавіўся таргамі на біржы, скончыў курсы і пачаў прымяняць свае навыкі там. Любіць жывёл. Ужо і не злічыш, колькі бяздомных котак прайшлі праз нашы рукі і былі перададзеныя ў сем'і. Вядома, душы не чуе ў дачцэ, марыў забяспечыць ёй шчаслівае дзяцінства. Бацькі Лёшы ўжо на пенсіі, вельмі перажываюць і падтрымліваюць яго.

На свидании плакали в три ручья — жена "барабанщика", которому дали 6 лет тюрьмы
Аляксей Санчук / сямейны архіў

Еўрарадыё: Як Аляксей ставіцца да палітычнай сітуацыі ў Беларусі?

Ганна Санчук: Калі пачалося ўсе гэтыя беспарадкі з перадвыбарнай кампаніяй, калі сталі саджаць кандыдатаў у прэзідэнты і разганяць чэргі людзей, якія хацелі пакінуць свае подпісы, ён не змог застацца збоку. Казаў, што не можа спакойна ставіцца да беззаконня. Яшчэ казаў: "Хто, калі не я? Калі кожны будзе сядзець у сябе на кухні і абмяркоўваць навіны, у нас у краіне нічога не зменіцца. А калі людзі ўбачаць, што я выйшаў, а яшчэ выйшаў сусед, сябар, то іншыя таксама пачнуць выходзіць, вельмі шмат людзей выйдзе". А калі ў яго пыталіся, ці падумаў ён пра дзіця, адказваў, што дачка — першая, пра каго падумаў, і хоча, каб яна жыла ў свабоднай і незалежнай краіне, дзе паважаюць і чуюць цябе і твой голас. Казаў, што марыць, каб яна жыла ў дзяржаве, дзе людзей цэняць на працоўных месцах, а не ставяцца як да рабоў і плацяць капейкі.


“Ён стаў яшчэ мацнейшым”

Еўрарадыё: Як праходзіла следства?

Ганна Санчук: Падрабязна расказваць не буду. Ведаю, што праходзіла з вялікімі парушэннямі. Напрыклад, допыт мог доўжыцца з дзевяці раніцы да шасці вечара без перапынку. Не кармілі, мучалі, адпускалі ў туалет, і ўсё. Што тычыцца правасуддзя, лічу, што зараз судоў у нас няма. Закон працуе супраць разумных, смелых і справядлівых. Я шчыра не разумею, як можна ўдарам малатка пазбавіць свабоды чалавека, калі ён проста быў не згодны з падзеямі, што адбываюцца. Як потым жыць? Як глядзець у вочы сваім дзецям? Але лёс — гэта бумеранг, зло абавязкова вернецца да тых, хто яго стварае. Усе, каго незаконна асудзілі, выйдуць на волю значна раней за заканчэнне сваіх тэрмінаў і будуць патрабаваць кампенсацыі за кожны дзень неправамернага пазбаўлення волі.

Еўрарадыё: Як праходзяць спатканні з мужам? Вы адчуваеце, што ён змяніўся?

Ганна Санчук: Першае спатканне дазволілі толькі пасля таго, як ён падпісаўся, што азнаёмлены са справай. Да гэтага кожны дзень перад працай я безвынікова ездзіла ў Следчы камітэт і прасіла, пісала скаргі і заявы, каб дазволілі ўбачыць мужа. Пасля суда на спатканні з Лёшам прыязджалі яго бацькі, я, потым яшчэ раз я разам з дачкой. Вядома, сустрэча з дзіцем была самай эмацыйнай. Яна вельмі моцна засумавала і была рада нарэшце ўбачыць тату. Сядзелі ўтраіх і ў тры ручаі плакалі. Што тычыцца змяненняў, думаю, ён стаў яшчэ мацнейшым. Ён таксама сумуе, гэтае расстанне вельмі цяжкае для нас усіх. Дарэчы, я перадала Лёшы, што журналісты ўпарта называюць яго барабаншчыкам, таму калі выйдзе, то проста абавязаны запісацца на курсы і навучыцца граць.

На свидании плакали в три ручья — жена "барабанщика", которому дали 6 лет тюрьмы
Аляксей Санчук з любімай дачкой / сямейны архіў

Еўрарадыё: Якая цяпер сітуацыя ў вашай сям'і? Вы не плануеце эміграваць?

Ганна Санчук: Фінансавае становішча пакідае жадаць лепшага, бо галоўнага кармільшчыка цяпер няма з намі. Вельмі шмат грошай сыходзіць на адваката і перадачы. Але мы спраўляемся — вакол шмат неабыякавых людзей, якія імкнуцца нас падтрымаць. З такой каласальнай падтрымкай адно аднаго ў нас няма іншага шляху, акрамя як перамогі над дыктатурай. Я ганаруся не толькі мужам, мяне перапаўняе гонар за народ Беларусі, які імкнецца да свабоды. Быў момант, калі я задумвалася аб эміграцыі, але потым зразумела, што не змагу пакінуць Лёшу тут аднаго і трэба працягваць барацьбу. Цяпер я нікуды не збіраюся. Зразумела, што калі на мяне пачнуць ціснуць або стануць неяк пагражаць, то пра ад'ездз прыйдзецца задумацца. Але хацелася б застацца, вялікімі крокамі ісці да перамогі і дачакацца вяртання мужа.

На свидании плакали в три ручья — жена "барабанщика", которому дали 6 лет тюрьмы
Дачка не верыць, што тата будзе сядзець у турме доўга / сямейны архіў

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі