Мужчына, які падпаліў сябе каля Дома ўрада, 5 тыдняў у штучнай коме

Павел Банькоўскі / Фота з сацыяльных сетак
Павел Банькоўскі / Фота з сацыяльных сетак

Мужчына, які 22 студзеня падпаліў сябе на плошчы Незалежнасці ў Мінску, ужо пяць тыдняў знаходзіцца ў штучнай коме. За гэты час 35-гадовы Павел Банькоўскі перанёс некалькі аперацый па перасадцы скуры — пра гэта Еўрарадыё расказалі яго сябры.

Яму зрабілі некалькі аперацый па перасадцы скуры. Папярэдне лекары давалі яму 24 гадзіны. Ужо пяць тыдняў, дзякуй богу. Пакуль прагнозаў [у лекараў. — Еўрарадыё] няма, на жаль, — кажа сябар сям'і Максім. — Наконт следства не ў курсе, пакуль нічога не чуваць.

Кацярына, былая жонка Паўла, якая ў канцы студзеня каментавала тое, што адбылося, цяпер з журналістамі не кантактуе.

Днём 22 студзеня Павел Банькоўскі прыйшоў на плошчу Незалежнасці. Ля правага крыла Дома ўрада ён падпаліў сябе. Сілавікі, якія ахоўвалі плошчу, спачатку разгубіліся, потым пачалі тушыць хлопца адзеннем. Прыкладна праз 20 секундаў з боку Цэнтрвыбаркама падбег чалавек з вогнетушыцелем.

У той жа дзень Банькоўскі быў шпіталізаваны ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр з апёкамі не менш як 50% цела.

Ёсць розныя версіі таго, што адбылося 22 студзеня. Блізкія Паўла Банькоўскага адзначалі, што ў яго быў цяжкі перыяд у жыцці. Аднак нельга выключаць і таго, што самападпал звязаны з палітычнай сітуацыяй у Беларусі.

Банькоўскі — не першы, хто падпаліў сябе пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Падобныя выпадкі раней адзначаліся ў Смалявічах і ў Гомелі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі